Экалагічная катастрофа “тутэйшага маштабу”



Трывожнае SOS прыйшло да нас з пасёлка Крупаўскі, што на Меншчыне. Гэтымі днямі адбыліся невядомыя ядавітыя выкіды з завода “па перапрацоўцы адпрацаваных нафтапрадуктаў”. Тутэйшыя называлі яго яшчэ да будаўніцтва  “заводам ядаў”.

01

4

Ён у парушэнне ўсіх санітарных нормаў месціцца ў 800 метрах ад іх хатаў. Крупаўчане скардзяцца не несупынныя болі ў галаве і немагчымасць дыхаць. Але і гэта не адзіная праява экалагічнай катастрофы мясцовага маштабу.

40 сямействаў двух двухпавярховых дамоў, што пражываюць у Крупаўскім на тэрыторыі былога вайсковага гарадка, сталі першымі, але не апошнімі ахвярамі.  Праз паўгода  пасля ўводу ў эксплуатацыю беларуска-бельгійска-ізраільскае прадпрыемства “ДВЧ-DVCH” мусіць – рэжым сакрэтнасці захоўваецца –  перапрацоўвае ў колькасці да 100 кубаметраў у суткі адпрацаваныя паліўныя маслы як з Беларусі, так і з іншых краін. Казалі, прынамсі, і з “Боінгаў”, што месцяцца на Кіпры. За паўгода таму праз дзіркі ў трубах у водазабор ды каналізацыю ў часе аварыі на будаўніцтве праліўся мазут. У выніку, людзі  уручную насілі ваду з калодзежаў, што ў км з гакам ля бліжэйшай вёскі. Прадстаўнікі “вертыкалі” Крупаўскага раёна, ня гледзячы на шматлікія “sos” жыхароў, тады з’явіліся на месцы толькі праз тыдзень. Гэтым разам не прыехаў ніхто…

Першай, каго сустрэў з жыхароў памянёных, бліжэйшых да завода – 50 метраў да агароджы (!) – дамоў, была пенсіянерка Таццяна Шылава. Яна вохкае:

ШЫЛАВА: Тры дні таму выйшлі зранку на двор – ванішча! Галовы ламала ва ўсіх. Пайшлі спачатку газавыя калонкі правяраць – мо прарвала. Не, у парадку. Зразумелі, што выкіды з “завода ядаў”. Бо паветра нябачна, але асязальна было забруджанае спрэс. Напіліся ўсялякіх таблетак, але нікому не дапамагло. Паехала ў Крупкі ў аптэку, знаёмы пытаецца – навошта вы дазволілі будаўніцтва? А хто нас пытаў?!

unnamed3У экс-палкоўніка Юрыя Ткачова з супругай Людмілай Андрэяўнай цярпенне скончылася. Яны прынялі рашэнне кінуць нажытае ды пераехаць на пастаяннае жыхарства на Смаленшчыну, дзе ўжо прыгледзелі хаціну.

ТКАЧОВЫ: Сваю кватэру аддамо сыну – яму яшчэ служыць. Прыязджалі МНС ды санслужбы, падыходзіў – яны паціскаюць плячыма. Маўляў, немаведама што творыцца – хлусяць і наверх і ўніз. Ад галаўных боляў ніколі не пакутавалі, а тут такі смог, што дыхаць немагчыма і “галавешкі”, здавалася, расколюцца.

Да нас падыходзіць спадар Іван Мішын, які нефармальна ўзначальвае тутэйшы супраціў.

unnamed

МІШЫН: Чым болей працуюць, тым болей вытвараюць. Яўна не маюць альбо не працуюць ачышчальныя фільтры, на якія, паводле адмыслоўцаў, павінна рабіцца да 35-40 % капітальных укладанняў. Дагэтуль нас манілі тым, што ачыстка непатрэбная увогуле, бо, маўляў, масла у цыстэрны закачалі, перапрацавалі і зноў ўвезлі. Аж не аказалася! Валасы ўстаюць дыбам ад разумення, што аб’ёмы будуць толькі нарошчвацца. А на прадпрыемства не пушчаюць. Спытваем дырэктара – ён вечна ў Менску,  відаць, адтуль і кіруе. Да бельгійцаў ці ізраільцян як да Луны. Падазраю, што там увогуле не ведаюць пра тутэйшыя “гульні” – а дамову з імі, калі гром грымне, той жа дзяржаве разарваць прасцей, чым з кім-небудзь…

e3

Іван Іванавіч указвае мне на непрацуючую ваданапорную вежу побач і праводзіць на 100 метраў у бліжэйшы лясок, дзе паказвае ў шлюзах руіны разваленых ды патрэсканых, у літаральным сэнсе, “засохлых” ачышчальных збудаванняў. Відовішча не для слабанервовых – колькі бачна воку, яміны з гноем ды нечыстотамі. Суразмоўца тлумачыць:

МІШЫН: Саматугам сюды пад’язджаюць двух-трохтонныя самазвалы ды “разгружаюцца”. Спрабавалі запісваць нумары, у райвыканкаме у нейкім “акенцы” пачулі – “вы маніце, гэтага не можа быць.” І ўсё! У нас ёсць уласны камендант Віктар Дудараў, які загадвае нашай качагаркай, вежай са свідравінай  ды тут мае кватэру. Але калі з’яўляецца зрэдзь часу, уцякае ад нас, як апараны. Ён умудраецца працаваць на сямі пасадах, у выніку, займеў двухпавярховае “лецішча” ў 30 км. Адзіная яго “праца”, што назіралі – прывёз сцяжок да Дня незалежнасці.

Я прыйшоў да платоў “завода ядаў” з мясцовай актывісткай экалагічнага руху Святланай Насовіч, якая, між іншым, паведамляе ды ацэньвае:

НАСОВІЧ: Маю інфармацыю, што, не вытрымліваючы “ўнутранай экалогіі”, звальняюцца з самога завода, нядаўна атруціліся два кіроўцы. У пасёлку раней дамы каштавалі дорага. Дайце веры – маляўнічыя мясціны, буйная чыгуначная станцыя, транспартныя артэрыі. Цяпер з нашай экарэпутацыяй сюды ніхто не прыедзе, а мы не з’едзем. Застанёмся паміраць жахлівай смерцю. Хтосьці з уладных у запале нам так і сказаў – “пяць год і мы вас усіх зарыем!”

Жыхары пасёлка Крупаўскі яшчэ ў часе будаўніцтва стварылі ініцыятыўную групу супраць існавання паблізу жытла экалагічна небяспечнага прадпрыемства.  Яе чальцоў  выклікалі “на дываны” па месцах працы.  Мясцовыя ўжо тады адказвалі, што калі ўзнікне небяспека для самога жыцця, дык, маўляў, “за цаной не пастаяць…” Улічваючы поўную абыякавасць уладаў да патрэб жыхароў, сёння яны заяўляюць пра магчымасць тутэйшага “экалагічнага  Майдана”.

Беларускае Радыё Рацыя  збіраецца і надалей назіраць за сітуацыяй у пасёлку Крупаўскі. Паколькі ў небяспецы знаходзіцца як здароўе мясцовых, так і – ў сувязі з ружай вятроў – жыхароў сталіцы.

[Not a valid template]

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара