Экалагічны эксперымент
Берасцейка, вядомая ў горадзе творчая асоба Аліна Дзеравянка цягам мінулага тыдня праводзіла экалагічны эксперымент. Аліна падтрымала заклік арганізацыі “Зялёная сетка” адмовіцца ад пакупак у пластыкавай тары падчас так званага “Тыдня без пластыку”. Свае назіранні дзяўчына публікавала на сваёй старонцы ў фэйсбуку. Аказалася, што ў сучаснай краме вельмі цяжка купіць нешта ў экалагічнай упакоўцы, а такую катэгорыю тавараў, як крупы ці малочныя вырабы, і ўвогуле немагчыма. “Найпрасцей было купляць садавіну і гародніну”, – гаворыць Аліна Дзеравянка:
– Такі асабісты досвед дапамагае задумацца пра тое, што насамрэч усе мы ўжо ў гэтым пластыку, але не асэнсоўваем гэтага. Кожны дзень набываем шмат рэчаў і непатрэбных нам пакецікаў, не задумваючыся пра тое, які след мы пасля сябе на зямлі пакідаем.
Аліна Дзеравянка лічыць пазітыўным момантам, што ў Беларусі многія крамы не раздаюць пластыкавыя пакункі бясплатна. Гэта дае магчымасць пакупніку кожны раз падумаць, ці варта яму набываць новы пакунак, калі ў ім няма неабходнасці.
[Not a valid template]
Алеся Лугавая, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Фота аўтаркі