Эканамічны суд Гомельскай вобласці падтрымаў мясакамбінат



Незалежны інфармацыйны партал “Моцныя навіны” мусіць прынесці прабачэнні за нанясенне шкоды дзелавой рэпутацыі прадпрыемства. А таксама апублікаваць абвяржэнне і заплаціць за судовыя выдаткі 420 рублёў. Гомельскі мясакамбінат падаў пазоў у суд на юрыдычнага ўладальніка інтэрнэтрэсурсу пасля размяшчэння на сайце матэрыяла пра няякасную каўбасу.

Заснавальнік сайта «Моцныя навіны» Пятро Кузняцоў узгадвае перадгісторыю судовага пасяджэння.

– У сацыяльнай сетцы ўзнікла паведамленне ад чытача пра тое, што ён набыў няякасны прадукт. Ну ён набыў прадукт і ўбачыў там унутры поўсць нейкай жывёлы і кавалак скуры. Ён сцвярджаў, што гэта прадукцыя Гомельскага мясакамбіната, і гэта трапіла ў нашую ленту навін.

Рашэнне эканамічнага суда Гомельскай вобласці аб задавальненні пазову Гомельскага мясакамбінату яшчэ не ўступіла ў сілу. Заснавальнік сайта “Моцныя навіны” Пятро Кузняцоў паведаміў, што збіраецца абскарджваць рашэнне суда.

Беларускае Радыё Рацыя