Суд палічыў, што артыкул Сяргея Ляпіна не адпавядае рэчаіснасці



Эканамічны суд Гомельскай вобласці палічыў, што артыкул журналіста Сяргея Ляпіна не адпавядае рэчаіснасці. Матэрыял датычыўся будаўніцтва жыллёвага комплексу «Ветразь» на старых габрэйскіх могілках. Суд задаволіў пазоў кампаніі-забудоўніка «УКС-Дронго» аб абароне дзелавой рэпутацыі.

Сяргей Ляпін

Аднак журналіст не згодны з рашэннем суда і будзе абскарджваць яго ў вышэйшай інстанцыі.

Падчас судовага пасяджэння былі прадстаўлены матэрыялы. Напрыклад, адказ з Акадэміі навук, які загадзя папярэдзіў забудоўшчыка ў адказ на ягоны запыт, што сапраўды ў раёне вуліцы Сожскай,5 знаходзіліся габрэйскія могілкі. На судовым пасяджэнні выступалі гомельскія гісторыкі, прадстаўлялі старыя мапы, якія кажуць пра тое, што на месцы, дзе цяпер вядзецца будоўля, знаходзіліся могілкі.

Прадстаўнік Сяргея Ляпіна ў судзе Марыя Булавінская гаворыць, што па паводзінах суддзяў можна было зразумець, што яны загадзя прынялі бок забудоўнікаў

— Была такая сітуацыя, калі суддзя бярэ план 1913 года і кажа, чаму вы лічыце, што гэтыя каменні, гэта менавіта пазнакі могілак? Вось для мяне зразумела, я бачу Навабеліцкія могілкі, дык там крыжыкі. Прыйшлося тлумачыць, што на Навабеліцкіх могілках крыжыкі, бо гэта хрысціянскія могілкі, а на Сожскай стаяць каменьчыкі, бо там пахаваныя габрэі.

Паводле рашэння эканамічнага суда Гомельская вобласці, Сяргей Ляпін абавязаны выплаціць 300 рублёў кампенсацыі за судовыя выдаткі на паслугі юрыдычнага прадстаўніка кампаніі-забудоўніка «УКС-ДРОНГО».

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель