Эканамічны суд Гомельскай вобласці пацвердзіў прысуд Сяргею Ляпіну



Каля 1900 беларускіх рублёў павінен заплаціць незалежны журналіст Сяргей Ляпін за фотаздымак з „Гомельскай праўдай” над сметніцай. Эканамічны суд Гомельскай вобласці падтрымаў усе прэтэнзіі дзяржаўнага выдання, абавязаўшы журналіста кампенсаваць судовыя выдаткі.

Сяргей Ляпін лічыць вынікі суда несправядлівымі, ад сваіх поглядаў не адмаўляецца.

– Досвед судовых паседжанняў, якія я атрымаў у гэтым годзе, не настройвае на аптымізм. І паказвае, якімі б смешнымі не былі прэтэнзіі, але калі гэтае пытанне ўваходзіць у палітычнае поле, то вырак робіцца ўжо прадвызначаным. Тут ужо ні адвакат, ні вельмі моцная фактура, ні вельмі моцныя пазіцыі, ні дакументальныя пацверджанні вам не дапамогуць. 

Канфлікт гомельскага публіцыста і архітэктара Сяргея Ляпіна і дзяржаўнай газеты „Гомельская праўда” пачаўся з серыі тэндэнцыйных артыкулаў, у якіх крытыкавалася дзейнасць гомельскіх краязнаўцаў. Спробы Сяргея Ляпіна абараніць гонар у судзе ні да чаго не прывялі. Тады ён сфатаграфаваўся з асобнікам газеты над сметніцай, а здымак размясціў у сацыяльных сетках. У адказ „Гомельская праўда” падала ў суд за абразу дзелавой рэпутацыі.

Беларускае Радыё Рацыя