Эканамічны суд Менска аштрафаваў „Нашу Ніву” на 8.700 рублёў



 Эканамічны суд Менска аштрафаваў інтэрнэт-выданне „Наша Ніва” на 300 базавых велічынь (8.700 рублёў) за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць, паведамляе рэдакцыя выдання.

Гаворка ідзе пра 20 надрукаваных на рэдакцыйным прынтары абавязковых асобнікаў газеты для бясплатнай рассылкі. Паводле закона „Аб СМІ”, газета павінна друкавацца як мінімум раз на паўгода, таксама яе неабходна рассылаць у міністэрствы і бібліятэкі. Як растлумачылі ў рэдакцыі, „Наша Ніва” выдае друкаваную газету толькі для гэтай абавязковай рассылкі і не прадае яе ў кіёсках, таму абавязковыя асобнікі былі надрукаваныя на рэдакцыйным прынтары. Міністэрства інфармацыі і Міністэрства па падатках і зборах палічылі, што рэдакцыя не мела права так рабіць, бо ў яе няма асобнай паліграфічнай ліцэнзіі.

Як растлумачыў БелаПАН галоўны рэдактар выдання Ягор Марціновіч, у дачыненні да яго асабіста, а таксама ў дачыненні да юрыдычнай асобы — ПВУП „Суродзічы” былі складзеныя пратаколы аб незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці. 10 лютага Эканамічны суд Менска разгледзеў справу ў дачыненні да Марціновіча як фізічнай асобы і спыніў адміністрацыйны працэс з-за малазначнасці.

13 красавіка адбыўся разгляд справы супраць ПВУП „Суродзічы”. Працэс вёў суддзя Эрнэст Койра.

Як адзначылі ў рэдакцыі „Нашай Нівы”, для пакарання за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць кошт прадмета правапарушэння павінен перавышаць 40 базавых велічынь (1.160 рублёў), пры гэтым разліковы кошт падрыхтоўкі 20 асобнікаў газеты склаў 28 рублёў 68 капеек.

Аднак падатковая інспекцыя палічыла прадметам правапарушэння таксама і тэхніку, з дапамогай якой была раздрукаваная газета. Гэта прынтар, выпушчаны 21 год таму, і васьмігадовы ноўтбук, падобных якому ўжо няма ў продажы. Як адзначылі ў рэдакцыі, кошт прынтара быў вызначаны на падставе цаны аналагічнага на рынку — 943 рублі, ноўтбука — 545 рублёў (такі кошт пазначаны ў адным з гандлёвых каталогаў, хоць тэхнікі няма ў продажы).

belapan.by