Эканаміст Сяргей Чалы аштрафаваны за ўдзел у „Чарнобыльскім шляху”
Эканаміст Сяргей Чалы аштрафаваны на 10 базавых велічыняў (255 рублёў) на падставе арт. 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях за ўдзел у „Чарнобыльскім шляху” — не санкцыянаваным уладамі шэсці 26 красавіка з нагоды 33-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Такое рашэнне прынятае 17 мая судом Савецкага раёна Менска.
Як паведаміў Чалы БелаПАН, ён паспрабаваў звярнуць увагу суддзі на разыходжанні і хлусню ў паказаннях сведак, якімі выступалі міліцыянеры. Аднак старшыня, паводле яго слоў, заявіў, што гэта „не мае ніякага дачынення да справы”. „Ён сказаў: у пратаколе напісана, што вы прысутнічалі [на акцыі], у калоне рухаліся. Гэта, маўляў, і ёсць тое, за што [судзяць], а ўсё астатняе не мае ніякага дачынення”, — адзначыў эканаміст.
Чалы не мае намеру абскарджваць рашэнне суда, бо „не бачыць у гэтым сэнсу”.
Штогод 26 красавіка прадстаўнікі апазіцыі праводзілі ў Менску „Чарнобыльскі шлях” — шэсце ў цэнтры горада, якое завяршалася мітынгам альбо ускладаннем кветак да Чарнобыльскай капліцы. Выключэннем сталі 2011 год, калі ўлады забаранілі шэсце, а таксама 2019-ты, калі арганізатары „Чарнобыльскага шляху” самі адмовіліся ад правядзення вулічнай дэманстрацыі з-за умоў, выстаўленых Менгарвыканкамам. Гарадскія ўлады запатрабавалі аплаціць паслугі міліцыі па ахове грамадскага парадку — 5.737 рублёў. У сувязі з адсутнасцю сродкаў аргкамітэт вырашыў адклікаць заяўку на правядзенне акцыі.
Нягледзячы на гэта, увечары 26 красавіка каля будынка прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук сабралася прыблізна 30 чалавек, у тым ліку некаторыя прадстаўнікі аргкамітэта „Чарнобыльскага шляху”. Яны прайшлі па вуліцах Сурганава і Арлоўскай у парк Дружбы народаў, дзе ўсклалі кветкі да помніка ахвярам Чарнобыля ля храма ў гонар абраза Божай Маці „Спатоленне загінулых”.
Пасля шэсця апавяшчэнні пра складанне пратаколаў аб адміністрацыйным правапарушэнні атрымалі сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Вольга Кавалькова, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў, намеснік старшыні Беларускай партыі „Зялёныя” Дзмітрый Кучук, эканаміст Сяргей Чалы, лідар зарэгістраванага ў Чэхіі аб’яднання „Малады фронт” Дзяніс Урбановіч і актывісты аб’яднання Валерый Рабцаў, Іван Мірончык, Віталь Трыгубаў, Арцём Кляпец і іншыя ўдзельнікі.