Эколаг Таццяна Новікава: БелАЭС неабходна спыніць
Адбылося афіцыйнае адкрыццё першага блоку БелАЭС. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь становіцца «ядзернай дзяржавай» і ёй не перашкодзіць яшчэ адна атамная электрастанцыя. З сённяшняй «Госцяй Рацыі» каардынатарам Беларускай антыядзернай праграмы, сябрам Савету грамадскага аб`яднання «Экадом» Таццянай Новікавай пагутарылі пра тое, ці сапраўды Астравецкую АЭС можна лічыць удалым эканамічным праектам і што з ёй рабіць надалей.
РР: У Беларусі Лукашэнка адкрыў першы блок БелАЭС. Як вы гэта можаце пракаментаваць? Наколькі гэта добра для Беларусі?
Таццяна Новікава: Я не думаю, што гэта добра для Беларусі па шэрагу прычын. Па-першае, калі адкрывалі гэты блок і калі будавалі атамную электрастанцыю, то гэтыя рэчы, якія ўплываюць на «добра», то бок эканамічныя паказчыкі, эканамічная неабходнасць, энергетычная, да таго ж думкі беларусаў не спыталі, а таксама думкі Літвы. Пляцоўка ўзялася з ніадкуль. Гэта было чыста палітычнае рашэнне. За будаўніцтвам гэтай электрастанцыі не стаіць нічога, акрамя палітычнай волі кіраўніцтва краіны. Вось гэта такая цацка, якую ім захацелася мець, для таго, як Лукашэнка сказаў, стаць „ядзернай дзяржавай”. Што ён укладае ў гэты сэнс, мы не ведаем, таму што ядзерныя дзяржавы – гэта краіны, у якіх ёсць ядзерная зброя. У гэтай сітуацыі няма ніякіх «за» – ні эканамічных, ні энергетычных, а ёсць толькі «супраць».
РР: А якія галоўныя супярэчанні ў працы БелАЭС на сёння?
Таццяна Новікава: Станцыя запускаецца без ліцэнзіі. То бок энергетычныя і фізічныя пускі рэактара першага энергаблока адбываюцца без ліцэнзіі на эксплуатацыю. Ва ўсім свеце фізічны пуск, гэты момант, калі рэактар пачынае працаваць, з’яўляецца найбольш небяспечным момантам жыцця электрастанцыі. Менавіта таму стараюцца ліцэнзаваць, нават у Расеі фізічны пуск адбываецца пасля выдачы ліцэнзіі. І ўжо пасля выдачы ліцэнзіі адбываюцца праверкі любога этапу. Кантралюючы орган, гэта Дзяржатамнагляд, павінен быў праверыць вялікі аб’ём дакументацыі, якая тлумачыла бяспеку гэтай інсталяцыі, што станцыя бяспечная, што яна можа працаваць, дзеля гэтага трэба выканаць прафесіянальны аналіз дакументаў, дзе тысячы старонак. Гэтыя ўсе дакументы Дзяржатамнагляд павінен быў праверыць і сказаць: пытанні ёсць, давайце выпраўляць. І тады адкласці пуск атамнай станцыі. Або пытанняў няма, мы выдаём ліцэнзію, калі ласка, працуйце. Дык вось, ліцэнзію не выдалі і замест гэтага ўвогуле адмянілі патрабаванне выдачы ліцэнзіі. Можаце сабе ўявіць. Перад прэзідэнцкімі выбарамі 30 ліпеня адмянілі такое патрабаванне. Цяпер запускаць атамную станцыю можна без ліцэнзіі, дастаткова проста дазволу. То бок прыйшоў чалавек і сказаў: дазваляю, працуйце. На падставе чаго адбываецца дазвол? Якія патрэбныя дакументы? Якія патрэбныя справаздачы? Што ўвогуле трэба? Аб гэтым заканадаўства маўчым, таму што ў заканадаўстве гэтага няма. Палітычным рашэннем, пры немагчымасці праверыць наколькі станцыя бяспечна, пачалі гэтую станцыю да выбараў запускаць, і 7 лістапада, да даты ленінскай рэвалюцыі, гэтую станцыю вырашылі адкрыць. Вось гэтае адкрыццё – найбольшая недарэчнасць, таму што да моманту здачы ў эксплуатацыю звычайна ў Расеі праходзіць 10 месяцаў, а ў ЗША – год з моманту фізпуску да здачы ў эксплуатацыю. У нас не прайшло і тры месяцы. А ўжо Лукашэнка сказаў: усё, даём ток у сетку, будзем запускаць. Такое ўражанне, што гэта зусім на іншай планеце адбываецца. Але ў свеце так не робіцца. Эколагі, і я, як прадстаўнік незалежных экалагічных арганізацый, можам сказаць, што станцыя будавалася з шэрагам парушэнняў. Гэтыя парушэнні былі задакументаваныя. Напрыклад, парушэнне экалагічных правоў грамадзян. Экалагічных правоў суседзяў. Гэта па міжнароднаму праву. А таксама вялікая колькасць пытанняў да бяспекі і да дакументаў, якія былі зроблены падчас стрэс-тэстаў. Гэтыя пытанні не ліквідаваны, парушэнне не ліквідаваны, няма нават рашэння па праблеме адпрацаванага ядзернага паліва. Яго проста няма куды дзяваць. Гэта не апісана, не выдзелены сродкі, няма праекта. Гэта вялікі шэраг пытанняў. Нават энергію няма куды дзяваць. Гэта ўсё ў імя адной фразы: цяпер Беларусь стала „ядзернай дзяржавай”. Гэта ўсё, дзеля чаго патрэбна гэтая станцыя.
Цалкам размова:
Размаўляла Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя