Эколагі заклікаюць да ўдзелу ў слуханнях па БелАЭС
Абмеркаванне Астравецкай АЭС – пустышка замест ацэнкі ўздзеяння. З такой заявай выступіла Беларуская антыядзерная кампанія. Вынесеныя на абмеркаванне матэрыялы даволі аб’ёмныя, але малазмястоўныя, адзначаюць эколагі. Да прыкладу, у раздзеле «Газападобныя радыёактыўныя адкіды» не пералічаныя асноўныя радыёнукліды, якія выкідваюцца ў атмасферу праз вентыляцыйную трубу энергаблоку.
Старшыня «Беларускай партыі Зялёныя» Дзмітрый Кучук перад сваім затрыманнем таксама даў свой каментар нашаму радыё наконт запланаваных уладамі грамадскіх слуханняў.
– Я быў на некалькіх такіх слуханнях. Як правіла, гэтая працэдура носіць дастаткова фармальны характар. Хачу, каб грамадзяне, хто нас чуе, таксама далучаліся да гэтых слуханняў і падымалі пытанні, каб больш разабрацца ў праблеме гэтай Беларускай атамнай станцыі.
Як паведамлялася, у мінулы аўторак Кучуку прысудзілі 15 сутак адміністрацыйнага арышту.
Нагадаю, што ўлады абвесцілі грамадскія слуханні перад выдачай ліцэнзіі на працу першага блоку АЭС у Астраўцы, які дзейнічае ўжо паўгода. Яны пройдуць 30 красавіка з 14.00 да 19.00, рэгістравацца можна да 17.00 29 красавіка. Слуханні адбудуцца ў «гібрыдным фармаце з выкарыстаньнем відэа-канфэрэнц-сувязі ў некалькіх студыях», паведамілі ў Дзяржатамнаглядзе.
Стас Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя