Эколагі завяршылі замеры радыяцыйнага фону вакол БелАЭС



Міжнародная група эколагаў завяршыла замеры радыяцыйнага фону на тэрыторыі, прылеглай да пляцоўкі будаўніцтва Беларускай АЭС у Астравецкім раёне Гарадзенскай вобласці, паведамляе сайт адміністрацыі атамнай станцыі.

У экспедыцыі ўдзельнічалі прадстаўнікі экалагічнай грамадскай арганізацыі „Міжнародны зялёны крыж” (штаб-кватэра ў Жэневе), Агенцтва экалагічнай бяспекі „Альфа-Х91” (Екацярынбург, Расея), навукова-асветніцкай арганізацыі „Энергія і экалогія” (Снежынск, Чалябінская вобласць РФ) і іншых.

За шэсць дзён эколагі зрабілі палявую гама-спектраметрычную здымку больш як у двухстах пунктах вакол пляцоўкі БелАЭС і берагавой лініі рэк Вілія і Полпе (невялікі прыток Віліі), „вымералі дно і ваду ў кантрольным створы — вусці Полпе, пунктах водазабору і скіду Віліі”, паведамляецца на сайце.

Удзельнікі экспедыцыі ўзялі пробы паветра, вады, глебы, донных адкладанняў і расліннасці для лабараторных даследаванняў. У пункце назіранняў на метэастанцыі Маркун былі размешчаныя дзве паветрафільтравальныя ўстаноўкі для адбору проб радыеактыўных аэразоляў і газападобнага радыеактыўнага ёду. Акрамя таго, эколагі адабралі пробы для вызначэння ў паветры радыеактыўнага вугляроду і трытыю.

„Найбольш эфектыўным выкарыстаннем атрыманых замераў „нулявога фону” можа стаць правядзенне сістэматычных назіранняў за радыеэкалагічнай сітуацыяй у гэтым раёне, — гаворыцца ў паведамленні на сайце АЭС. — Паўторныя вымярэнні мэтазгодна правесці праз год пасля фізічнага пуску Беларускай АЭС з прыцягненнем прадстаўнікоў зацікаўленай грамадскасці”.

Экалагічная экспедыцыя праводзілася з ініцыятывы адміністрацыі БелАЭС пры садзейнічанні „Расэнергаатама” (электраэнергетычны дывізіён расійскай дзяржкарпарацыі „Расатам”) і расейскага фонду „Асацыяцыя тэрыторый размяшчэння атамных электрастанцый”, які займаецца пытаннямі экалагічнай бяспекі і эканамічнага і інфраструктурнага развіцця тэрыторый вакол АЭС.

Беларуская АЭС узводзіцца блізу Астраўца за кошт крэдыту Расеі паводле тыпавога расейскага праекта ВВЭР-1200. Крэдытная лінія да 10 млрд долараў на будаўніцтва станцыі адкрыта да 2035 года. Ядзернае паліва для атамнай станцыі плануецца даставіць да 1 кастрычніка. Фізічны пуск першага энергаблока БелАЭС, на этапе якога ў рэактар загрузяць паліва, павінен адбыцца восенню. Увод у эксплуатацыю першага энергаблока БелАЭС запланаваны на снежань 2019 года, другога — на ліпень 2020-га. Мяркуецца, што атамная станцыя будзе выпрацоўваць 18 млрд кВт·гадз электраэнергіі штогод.

БелаПАН