Экс-дэпутат: Людзі ўжо свайго не саступяць!



“На нашых вачах насельніцтва Беларусі ператварылася ў салідарную нацыю”, – гаворыць былы дэпутат ад дэмакратычнага блоку Пінскага гарадскога Савета Мікалай Міхалевіч. У гэтыя лёсавызначальныя дні ён стаў адным са спікераў пратэстоўцаў у Пінску.

 

Мікалай Міхалевіч прамаўляе на агульна-гарадскім (народным) сходзе ў Пінску, 18 жніўня 2020 года.

РР.: Супрацьстаянне мірнае, але яно ёсць. Як Вы лічыце, якім можа быць дальнейшае развіццё падзей?

– Я перакананы, што будзе перамога. Сітуацыя надзвычай трывожная. Казаў, што вось гэта арганізаваная злачынная група, разам з “паханом”, яны хочуць моцна загнаць нас у стойла. Зараз кажуць, што мітынг несанкцыянаваны, падавайце заяўкі і г.д. А пасля, яны так з намі разлічацца, не дай Бог! Нават думаць пра гэта не хачу. Улічваючы тое, што калі б тут стаялі людзі майго ўзросту, то нічога не было б, але тут (на агульнагарадскім сходзе ў Пінску, – аўт.) стаяць маладыя людзі. Прыгожыя маладыя людзі. Яны ўжо свайго не саступяць – удыхнулі глыток свабоды! Як і мы ў 1991 годзе, я яго адчуваю заўжды. Паглядзіце ў іх твары: радасныя, шчаслівыя і мірныя. Мы ў 1991 годзе былі злыя.

РР.: Вы, як дэпутат часоў незалежнасці праводзіце паралель з 1991 годам. У гэтым нешта ёсць? 

 Справа ў тым, што калі тады нараджалася Рэспубліка, то сёння нарадзілася нацыя, а гэта розныя рэчы. У рэспубліцы мы былі наўпрост насельніцтвам, у сваёй большасці, а цяпер тут стаяць грамадзяне…                                                                                                                                                                  

Мікалай Міхалевіч звяртае ўвагу на тое, што ўлады зараз чакаюць згасання пратэсту, які рэальна можа загразнуць у дэмагогіі і безвыніковым хаджэнні. Тады ўлады нанясуць удар і пачнуць чыніць расправу, – дадае былы дэпутат.

Поўная гутарка ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя