Экс-галоўны санітарны лекар Менска: ёсць хуткі спосаб спыніць эпідэмію COVID-19
Былы галоўны дзяржаўны санітарны ўрач горада Менска і Менскага раёна Іван Вайтовіч заклікаў беларусаў заставацца дома, каб спыніць распаўсюд COVID-19 у краіне.
«Мяне, як і большасць людзей, турбуе і асабіста закранула сітуацыя з COVID-19 у нашай краіне. Усё часцей я чую ад сяброў і знаёмых аб смерці блізкіх. Раней так не было. Я б хацеў памыляцца, але тая інфармацыя, якая паступае ад нашых медыкаў, разыходзіцца з афіцыйнымі лічбамі аб захворванні і смяротнасці ад гэтай інфекцыі. Вядома, што на асобных участках назіраецца двухразовы рост смяротнасці, у параўнанні з пікам папярэдняй хвалі», — цытуе Вайтовіча Беларускі партызан.
Па словах лекара, сістэма аховы здароўя не задавальняе запыт на медыцынскую дапамогу, які расце, у паліклініках і прыёмных пакоях: вялізныя чэргі, месцаў у лякарнях не хапае. Пад палаты ў лякарнях прыстасоўваюць сталовыя і іншыя памяшканні. «Ёсць сігналы з розных рэгіёнаў пра недахоп медыцынскага кіслароду, лекаў. Медыкі працуюць на мяжы магчымасцяў. Ёсць дэфіцыт кваліфікаваных спецыялістаў з-за звальненняў і адтоку кадраў за мяжу», — адзначае спецыяліст.
«Выказванні псеўдаспецыялістаў і некаторыя рашэнні, якія прымаюцца на дзяржаўным узроўні, відавочна пагаршаюць і без таго вельмі няшчасную сітуацыю», — заўважае ён.
На думку Вайтовіча, «тэрмінова, прама цяпер», трэба максімальна скараціць знаходжанне ў месцах збору людзей, строга выконваць маскавы рэжым і чысціню рук, зрабіць прышчэпку той вакцынай, якая даступная.
«Дарагія беларусы, заклікаю вас, сур’ёзна пастаўцеся да неабходнасці перапыніць асноўны шлях перадачы каронавіруснай інфекцыі — паветрана-кропельным. Вазьміце адпачынак, пакіньце вашых дзяцей дома і спыніце на некалькі тыдняў кантакты з іншымі людзьмі. Бо здароўе і жыццё даражэй. Краіны-суседкі ўводзяць лакдаун нават пры больш нізкім узроўні захворвання і большым працэнце прышчэпленых. Ад нашай дзяржавы такіх абмежавальных мераў чакаць не даводзіцца. Хоць лакдаун — гэта самы хуткі і самы дзейсны спосаб, які можа спыніць далейшы рост захворвання. Нашай краіне ён тэрмінова патрэбны, каб разарваць сувязі, па якіх перадаецца вірус, каб сістэма аховы здароўя прыйшла ў сябе, каб спыніць катастрофу, да якой мы рухаемся», — лічыць Вайтовіч.
«Цяпер як ніколі шмат падстаў, каб за адзін раз усім не выходзіць на працу», — заявіў Вайтовіч.