Экс-кіраўніка Службы аховы прэзідэнта ў Вярхоўны суд не прывезлі



У Вярхоўным судзе Беларусі адбылося папярэдняе судовае пасяджэнне па так званай карупцыйнай „справе Уцюрына”, па якой праходзіць 16 чалавек. Іх вінавацяць у атрыманні і дачы хабару пры пастаўках у Беларусь тэлекамунікацыйнага абсталявання, камп’ютарнай тэхнікі і праграмнага забеспячэння.

Самы вядомы фігурант гучнай справы — былы кіраўнік Службы аховы прэзідэнта і экс-намеснік дзяржсакратара Савета бяспекі Андрэй Уцюрын. Яго затрымалі вясной мінулага года. Уцюрына вінавацяць у атрыманні хабару і падбухторванні да дачы хабару. Сёння яго ў суд не прывезлі.

Як паведамляе БЕЛТА, у судзе прысутнічалі 5 абвінавачаных, якія заключылі дасудовыя пагадненні. Гэта — гендырэктар „Белтэлекама” Сяргей Сівадзедаў, кіраўнік міжбанкаўскага разліковага цэнтра Фелікс Каспяровіч, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення інфармацыйных тэхналогій Нацбанка Андрэй Падгорны, прадстаўнік АМТ-Груп Інтэрнэшнл Міхаіл Прыгара, грамадянін Расеі, прадстаўнік кампаній УГМК-Тэлекам і „Смартлабс” Уладзімір Казанцаў.

Вядома, што Каспяровіча абвінавачваюць у атрыманні разам з Падгорным хабараў на суму больш за 868 тысяч даляраў.

У хабарнікаў агулам забралі больш за мільён 650 тысяч даляраў, 62 тысячы еўра і больш за 1 кг золата.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: БелТА