Экс-старшыню Гомельскага райвыканкама прыгаварылі да 10 гадоў пазбаўлення волі



 Былы старшыня Гомельскага райвыканкама Аляксандр Сітніца прызнаны вінаватым у замаху на хабар (арт. 430 КК) і перавышэнні ўлады (арт. 426 КК) і прыгавораны да 10 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і частковай канфіскацыі маёмасці. Прысуд абвясціла 10 красавіка суддзя суда Цэнтральнага раёна Гомеля Аляксандра Піскунова.

Такім чынам, суд задаволіў просьбу дзяржабвінаваўцы Паўла Цішкоўскага, які прасіў для экс-старшыні райвыканкама 10 гадоў пазбаўлення волі.

Асаблівасцю судовага працэсу стала тое, што ніводзін з пацярпелых — кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў — такім сябе не прызнаў. Адзін з іх у каментары БелаПАН заявіў, што не лічыць прысуд законным і справядлівым.

Аляксандра Сітніцу абвінавацілі ў шэрагу злачынстваў карупцыйнай скіраванасці. Гаворка ідзе аб незаконным, на думку абвінавачання, выдзяленні зямельнага ўчастка прадпрымальніку, неправамерным атрыманні ад дырэктараў сельгаспрадпрыемстваў памідораў, агуркоў і іншых прадуктаў, абслугоўванні аўтамабіля, рамонце кватэры цёшчы за кошт прыватнай асобы і гэтак далей.

Сітніца віну не прызнаў. У апошнім слове ён заявіў, што ніколі не думаў, што будзе выступаць у судзе ў ролі абвінавачанага, бо жыў сумленна і „ў межах устаноўленых для сябе правілаў”. „Яны простыя: любі сваю сям`ю, шануй сяброў, паважай старэйшых, не адмаўляй у дапамозе людзям. У мяне свае прынцыпы гонару і таго, што ад яго засталося пасля апошніх падзей. Усё сваё свядомае жыццё я спрабаваў даказаць сабе і грамадству, што я з`яўляюся яго годным прадстаўніком”, — заявіў ён.

Паводле слоў Сітніцы, на яго сям`ю рабілі націск. „На другі дзень пасля майго затрымання мая жонка атрымала спагнанне ад кіраўніцтва і была папярэджаная аб негатыўных для яе наступствах. У школе маёй дзевяцігадовай дачцэ абвясцілі аб тым, што яе тата — злачынец. Сына ва ўніверсітэце не дапусцілі да сесіі, якую ён пасля здаў на 7 і 9”, — расказаў падсудны.

Былы старшыня райвыканкама пацвердзіў, што сапраўды выдзеліў зямельны ўчастак прыяцелю, але гаспадарка — уласнік участка засталася толькі ў выгадзе, а не панесла нейкі ўрон. На ўчастку былі закінутыя будынкі, на зносе якіх пры выдзяленні ўчастка прыватніку гаспадарка сэканоміла 50 тысяч рублёў. Акрамя таго, было створанае новае прадпрыемства (гэта значыць падаткаплацельшчык) і вырашанае пытанне навядзення парадку на зямлі. „Так, прадпрымальнік — мой сябар. Ён звяртаўся да мяне, я дапамагаў яму — але толькі ў межах закона. Ён, у сваю чаргу, аказваў бясплатную дапамогу раёну ў добраўпарадкаванні”, — сказаў Сітніца.

Ён не адмаўляў, што атрымліваў ад кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў прадукты харчавання. Але, падкрэсліў падсудны, яны самі прапаноўвалі яму гэтыя прадукты. Акрамя таго, сцвярджае Сітніца, частка прадуктаў ішла на прыём замежных дэлегацый, якія наведвалі раён.

Адвакат Аляксандр Астапенка лічыць, што дзеянні яго падабароннага не нанеслі істотнай шкоды і не пацягнулі ўрону, а значыць, віна Сітніцы не даказаная. Адвакат заявіў БелаПАН, што яго падабаронны не згодны з прысудам, лічыць яго несправядлівым і будзе абскарджваць.

belapan.by