Экс-супрацоўнік Акрэсціна адбывае 10 сутак за абарону Курапатаў
Супрацоўнік міліцыі Міхаіл Грамыка 30 чэрвеня падтрымаў абаронцаў Курапатаў і неўзабаве быў звольнены, паведамляе „Новы час”. Потым асуджаны на суткі, якія цяпер адбывае ў ЦІП на Акрэсціна, дзе да гэтага працаваў.
Пасведчанне Міхаіла Грамыкі. Фота Ганны Шапуцька з Facebook
Пра гэта паведаміў актывіст Леанід Кулакоў падчас круглага стала па абароне Курапатаў, што адбыўся 12 ліпеня на сядзібе БНФ. Невядома, калі дакладна быў звольнены Міхаіл Грамыка, у які дзень адбыўся суд і які тэрмін ён атрымаў. Але вядома, што яго павінны вызваліць 15 ліпеня.
Як стала вядома праваабаронцам „Вясны”, Грамыка быў асуджаны на 10 сутак.
На дадзены момант (12 ліпеня) за кратамі застаюцца таксама абаронцы Курапатаў Максім Вінярскі (вызваліцца 13 ліпеня) і Аляксей Туровіч (вызваліцца 14 ліпеня).