Экскурсавода звольнілі з Нацыянальнага мастацкага музея за верш



Малодшага навуковага супрацоўніка Нацыянальнага мастацкага музея Мікіту Моніча звольнілі з установы.

Гэта адбылося пасля таго, як 17 чэрвеня ён размясціў у „Фэйсбуку” свой верш, які можна трактаваць як зварот з нагоды „канфіскацыі” карцін з калекцыі „Белгазпрамбанка”.

У вершы сярод іншых ёсць такія радкі: „Да, Александр, имя у вас что надо. Значит „защитник”. Себя и своего стада, Руководитель и будущий житель ада, Источник мемов, апологет парада… Поздно грозить, несогласных бросать по нарам. Время бежать и оврагом ползти к ангарам… Мы вам простим, что вы приравняли к хлеву Нашу страну, но, пожалуйста, оставьте Еву”.

Пасля канфіскацыі праваахоўнікамі каля 150 карцін па „справе „Белгазпрамбанка” інтэрнэт-карыстальнікі сталі мадыфікаваць малюнак знакамітай карціны „Ева” Хаіма Суціна, ператварыўшы яе ў сімвал пратэсту супраць сітуацыі вакол банка і палітычнай падаплёкі гэтай справы.

„Гэта выглядае не толькі так, як выглядае… Фармальна ў мяне быў выбар: альбо выдаліць верш, альбо пакінуць музей. У мяне быў больш прывабны варыянт пакінуць музей”, — пракаментаваў Мікіта Моніч.

Паводле яго звестак, вышэйшае кіраўніцтва запатрабавала ад музея, каб гэты верш быў выдалены. „Я прапанаваў варыянт, што я ціхенька пайду з музея, і гэта вырашыла б праблему з кіраўніцтвам”, — растлумачыў Моніч.

У яго ёсць свой адукацыйны праект, ён вядзе экскурсіі для дзяцей. Моніч, паводле яго слоў, і так планаваў сысці з музея, таму што не мог сумяшчаць дзве працы. Цяпер, калі сітуацыя стала публічнай, былы супрацоўнік задаецца пытаннем, ці дазволяць яму праводзіць уласныя экскурсіі па музеі ў якасці прадпрымальніка.

„Гэта трэш, немагчыма, каб чалавека звольнілі або выклікалі да дырэктара з-за тэксту ў асабістым Facebook, калі гэта не экстрэмізм і не прапаганда нянавісці… Але гэта ставіць пад пагрозу самае важнае, што я раблю, — дзіцячыя экскурсіі ў музеі, дзякуючы якім сотні дзяцей і іх бацькоў ўлюбляюцца ў музей, вучацца яго выкарыстоўваць. І ў той жа час гэта мая асноўная зарплата”, — адзначыў Моніч.

На момант публікацыі не ўдалося атрымаць аператыўны каментар ад кіраўніцтва Нацыянальнага мастацкага музея.

belapan.by

Фота са старонкі ў Фэйсбук Мікіты Моніча