Экскурсаводам ускладняюць працу
У Беларусі рыхтуюцца праўкі і дапаўненні ў закон “Аб турызме”. Папярэдне вядома, што яны будуць скіраваны на ўзмацненне адказнасці за правядзенне нелегальных экскурсій. Летась прапаноўвалася ўвесці штраф у памеры 100 базавых велічынь, на сёння гэта звыш тысячы даляраў. Нацыянальнае агенцтва турызму плануе падвысіць кошт за атэстацыю экскурсавода і змяніць умовы атрымання пасведчання. Магчыма, што гід будзе мець права праводзіць экскурсіі толькі па тых тэмах, якія абараніў. Сітуацыю каментуе намесніца старшыні Беларускага таварыства экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў Таццяна Хвагіна:
– Быццам бы настаўніцу, якая паедзе са сваімі вучнямі на экскурсію, арыштуюць, аштрафуюць і г.д. Але я думаю, што да гэтага ніколі не дойдзе. Бо трэба аддзяліць ад экскурсій, якія праводзяцца для турыстычнага бізнесу, выхаваўчыя экскурсіі з пазнавальнымі мэтамі. Вось будзем ісці са сваімі знаёмымі, гасцямі, і толькі падымем руку, каб паказаць ім наш помнік, то таксама схапілі, арыштавалі і аштрафавалі. Я таксама думаю, што усё будзе не так.
Паводле дадзеных Нацыянальнага агенцтва турызму ў Беларусі, амаль 1,5 тысячы грамадзян маюць атэстацыю экскурсавода. Сёлета яе атрымала дзевяць чалавек.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск
Фота tourism.tut.by