Экскурсійную дзейнасць у Беларусі прапануюць ліцэнзаваць
Пра неабходнасць ліцэнзавання экскурсійнай дзейнасці на тэрыторыі Беларусі выказаліся ўдзельнікі выязнога пасяджэння пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах, прысвечанага патэнцыялу гісторыка-культурнай спадчыны для ўмацавання міжнароднага іміджу, якое праходзіць 8 снежня ў Міры (Карэліцкі раён Гарадзенскай вобласці).
У пасяджэнні таксама ўдзельнічаюць дэпутаты з розных пастаянных камісій парламента, прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў, Міністэрства культуры, Міністэрства спорту і турызму, Гарадзенскага аблвыканкама, Карэліцкага райвыканкама, кіраўніцтва комплексу „Мір”.
Так, старшыня пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы, гісторык Ігар Марзалюк адзначыў, што ў плане экскурсійнага суправаджэння ў краіне „дзеецца поўная анархія і вольніца, якую ў страшным сне не ўбачыш ні ў адной краіне Еўрасаюза„.
„Можна дзе заўгодна поўзаць, несці ўсе што заўгодна, працаваць без акрэдытацыі, — сказаў ён. — Я сабе не ўяўляю, каб, напрыклад, хто-небудзь у Італіі ці Літве паспрабаваў адысці ад кананічна зацверджаных, вывераных, вызначаных з пункту гледжання дзяржавы і зацверджаных адпаведнымі органамі экскурсійных маршрутаў і кантэнту — што, пра што і як казаць. Гэта не цэнзура, гэта проста вывераныя факты пра краіну, яе імідж„.
„Не трэба нічога выдумляць, трэба проста пераймаць тое, што працуе. Нас жа пастаянна заклікаюць да еўрапейскіх нормаў, дык давайце зробім так, як гэта працуе ва ўсёй Еўропе. Ідзеш і пляцеш языком без бэйджа — аштрафуюць так, што штаны зваляцца. Калі нясеш што папала — запісалі, выклалі экскурсію ў інтэрнэт, значыць будзеш адказваць сваім іміджам і магчымасцю працаваць на рынку„, — дадаў ён.
Кансультант дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Марына Масташова таксама прапанавала падумаць над папраўкамі ў Адміністрацыйны кодэкс, якія б прадугледжвалі адказнасць за экскурсійную дзейнасць без ліцэнзіі.
Начальнік галоўнага ўпраўлення шматбаковай дыпламатыі Міністэрства замежных спраў Ларыса Бельская адзначыла, што кіраўнік МЗС Уладзімір Макей у чэрвені гэтага года абмяркоўваў пытанне арганізацыі экскурсійнай дзейнасці з кіраўніцтвам Сусветнай турысцкай арганізацыі ў чэрвені гэтага года. На гэтай сустрэчы Беларусі парэкамендавалі на дзяржаўным узроўні заняцца ліцэнзаваннем экскурсій, маршрутаў і экскурсаводаў.
Старшыня пастаяннай камісіі ППНС па міжнародных справах Валерый Варанецкі таксама закрануў гэтую тэму.
„Напрыклад, экскурсаводы з Літвы прыязджаюць да нас і распавядаюць замежным турыстам — палякам, немцам, французам — пра тое, што, маўляў, вось тут у Беларусі замкі, з якіх нашы князі панавалі над беларускім народам. Словам, нясуць такую лухту, а людзі слухаюць іх, успрымаюць сур’ёзна„, — сказаў ён.
„Нам трэба неяк вырашыць гэтае пытанне. Думаю, у нашай краіне экскурсаводы павінны быць толькі нашымі, дзейнасць іх павінна быць ліцэнзаванай, і ў гэтым павінна быць ідэалогія. Гэта наша краіна, наша зямля, нашы замкі, наша гісторыя, усё гэта было зроблена рукамі нашых продкаў, мы павінны гэтым ганарыцца, мець годнасць і паважаць прашчураў„, — дадаў Варанецкі.
Нагадаем, на прэс-канферэнцыі ў Менску 6 снежня старшыня Беларускага грамадскага аб’яднання экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў Мікалай Чырскі заявіў, што замежныя гіды, якія праводзяць у Беларусі экскурсіі, наносяць шкоду краіне. „У прыгранічных рэгіёнах у нас ёсць сур’ёзная праблема — прыязджаюць замежныя гіды і самі праводзяць экскурсіі па нашай зямлі, — сказаў Чырскі. — Паводле расказаў гродзенскіх экскурсаводаў, напрыклад, у верасні да іх кожныя выхадныя прыязджала па 20 літоўскіх і польскіх аўтобусаў у дзень. Памножым гэтыя аўтобусы на 9 выходных, якія былі ў верасні. Затым памножым на 180 рублёў — кошт працы гродзенскага гіда-перакладчыка. Атрымліваецца больш за 32 тыс. рублёў”. „Гэта грошы, якія не атрымала дзяржава, падкрэсліў кіраўнік аб’яднання, грошы за працу, якую не далі экскурсаводу, і грошы, якія не зарабілі нашы турыстычныя арганізацыі„, — заявіў Чырскі. На яго думку, акрамя матэрыяльных страт дзяржаве наносіцца „шкоду з ідэалагічнага пункту гледжання”. БелаПАН