Экскурсія па лёхах Пабрыгіцкага касцёла ў Гародні



У Гародні прайшла бясплатная экскурсія па лёхах Пабрыгіцкага рыма-каталіцкага храма для ўдзельнікаў курсаў „Мова нанова Гародня”. Больш за 100 асобаў не магло ўмясціцца ў цесныя лёхі, і таму экскурсантаў ксяндзу Антонію Грэмзу – рэктару касцёла – давялося падзяліць іх на дзве групы. Людзі ўбачылі больш як 200 цікавых экспанатаў, якія апавядалі пра гісторыю кляштараў сёстраў брыгітак і назарэтанак. Некаторыя звесткі аказаліся надзвычай цікавымі для гарадзенцаў.

Блізка ходзім, гарадзенцы, а пра гэтае скляпенне, яго гісторыю не зусім ведалі, таму ўсё цікава.

– Даведаўся ўпершыню, што ордэн брыгітак спрыяў адукацыі гараджан, і першая форма адукацыі, дзе хлопчыкі з дзяўчатамі вучыліся разам, узбагаціла мае веды.

Мне, увогуле, вельмі спадабалася. І шмат рэчаў, якія мяне здзівілі. Напрыклад, я не ведала, што святы Клімент – заступнік, апякун горада.

Калі ад пачатку свайго існавання, з XVII стагоддзя, кляштар брыгітак быў закрытым, кантэпляцыйным, то ў ХХ стагоддзі яго засялілі сёстры-назарэтанкі, якія ўдыхнулі ў стары кляштар новае жыццё. Кажа ксёндз Антоні Грэмза:

Яны ў кляштары заснавалі першую школу. Першая ў гісторыі горада Гародні школа з сумесным навучаннем (разам навучаліся хлопцы і дзяўчаты). Да яе адкрыцця ў Гародні ніколі не было падобных школ, вучылі толькі мужчын, хлопцаў. Было раздзельнае навучанне. І сёстры ўвялі такі прывілей у адукацыі, каб навучаліся разам хлопцы і дзяўчаты. Гэта была самая першая польскамоўная школа пасля царскага самадзяржаўя.

Яшчэ адзін шэдэўр драўлянага дойлідства Беларусі – стары Лямус XVII стагоддзя – рыхтуецца як аб’ект для турыстычнага агляду. Пакуль яго можна толькі аглядаць вонкі. Неўзабаве пасля ўнутранай рэстаўрацыі ён стане часткаю музея Гарадзенскай рыма-каталіцкай дыяцэзіі.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара