Экскурсія па месцы масавых расстрэлаў у Воршы



Жыхарам Воршы распавялі пра масавыя расстрэлы людзей у лесе на вуліцы Магілёўскай.

sam_6771

Экскурсію па месцах злачынстваў камуністычнага рэжыму правёў вядомы гісторык Юрка Копцік, які займаўся даследаваннем тых падзей, і дзякуючы ягоным артыкулам усёй Беларусі сталі вядомыя “аршанскія Курапаты” — Кабыляцкая гара і вуліца Магілёўская, дзе органамі НКУС было расстраляна каля 5 тысяч чалавек. Было дзве хвалі масавага знішчэння людзей пад Воршай – перыяд з 1930 па 1934 гады і з 1937 па 1938, за гэты час адбылася найбольшая колькасць забойстваў бязвінных. У лесе на Магілёўскай расстрэльваліся не толькі аршанцы, сюды звозіліся беларусы і з іншых раёнаў.

sam_6766

Гаворыць Юрка Копцік:

– Расстраляны тут, у асноўным, аршанцы, жыхары Аршанскага раёна. Але сюды траплялі і ахвяры тэрору з Горак, Дуброўны, Шклова, Чашнікаў, Сянна, Лепеля.

Не ўсіх камуністычны рэжым знішчыў, многія людзі засталіся інвалідамі. Жыхар Барані, які завітаў на экскурсію ў лес па вуліцы Магілёўскай, распавядае:

– Я ў свой час працаваў машыністам. Штогод праходзіў медагляд у чыгуначнай паліклініцы ў Воршы. І аднойчы стаяў у чарзе і чуў, як дзядок распавядаў пра сябе, што ён інвалід, ногі адбітыя. У 1937 годзе забралі яго, прывязалі да лаўкі ці неяк трымалі і паленам так білі па пятках, што зрабілі яго інвалідам.

Цяпер непадалёк ад лесу, дзе была зламана не адна тысяча лёсаў, будуюцца новыя дамы, запраўкі, аўтамыйкі. Ушанаванне ахвяр праводзіцца толькі высілкамі актывістаў, улады ніякім чынам не ўзгадваюць тыя падзеі. Падобныя экскурсіі яшчэ будуць праводзіцца ў будучыні, каб усё больш беларусаў даведваліся пра трагічныя 30-ыя гады.

sam_6767

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Ворша

Фота аўтара