Экскурсія па мясцінах БНР на Лідчыне



Сябры палітычных партый і грамадскіх арганізацый з Ліды, Бярозаўкі і Радуні наведалі памятныя мясціны, звязаныя з Беларускай Народнай Рэспублікай. Актывісты традыцыйна наведалі месца пахавання беларускіх патрыётаў у Лідзе, магілу міністра абароны БНР Кіпрыяна Кандратовіча ў Варанове, а таксама музейную экспазіцыю ў вёсцы Пагародна, дзе жыў генерал. Пасля гэтага ўпершыню завіталі на магілу Алаізы Пашкевіч “Цёткі” ў Шчучынскім раёне.

Як лічыць намеснік старшыні ТБМ Станіслаў Суднік, хоць паэтка і не дажыла да абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, роля яе ў падзеях стогадовай даўніны вельмі значная.

– Цётка, для таго, каб узнікла Беларуская Народная Рэспубліка, мабыць зрабіла значна больш за многіх тых, хто ўдзельнічаў непасрэдна ў яе абвяшчэнні. Цётка заклала аснову. І Цётку можна называць папярэдніцай Беларускай Народнай Рэспублікі. Мы не ездзім сюды кожны год, але на 100-годдзе проста мусілі тут пабыць.

Завяршыўся памятны рэйд, прымеркаваны да 100-годдзя БНР, ушанаваннем памяці загінулых паўстанцаў 1863 года на мемарыяле “Крыжы”, якім апякуюцца грамадскія актывісты.

[Not a valid template]

Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара