Экспазіцыя музея ў Крамянцы папоўнілася экспанатамі беларускіх добраахвотнікаў
Яшчэ ў адным украінскім музеі з’явіліся экспанаты беларускіх добраахвотнікаў.
Калекцыя краязнаўчага музея горада Крамянец папоўнілася экспанатамі беларускіх добраахвотнікаў. У музей перадалі шэўрон байца Атрада «Пагоня» і сцяг з подпісамі байцоў Тактычнай групы «Беларусь». З’явіліся экспанаты ў межах праекта па перадачы ў музеі, дзе ёсць экспазіцыі, прысвечаныя АТА, рэчаў беларускіх добраахвотнікаў.
Арганізатарам праекта з’яўляецца Грамадскі сектар Атрада «Пагоня». Дырэктар музея Андрэй Ляўчук падзякаваў за экспанаты і запэўніў, што яны зоймуць пачэснае месца сярод украінскіх сцягоў, перададзеных музею ўдзельнікамі Майдана і баявых дзеянняў. Атрад „Пагоня” падзякаваў за дапамогу ўкраінскаму гісторыку, публіцысту і грамадскаму дзеячу Володимиру Ханасу.
Перад гэтым экспанаты беларускіх байцоў ужо з’явіліся ў Валынскім краязнаўчым музеі, музеях Хмяльніцкага, Cтарай Выжыўкі, Камень-Кашырска, Дубна, Ковеля, Гарохава і Уладзімір-Валынска.