Эксперт: Беларусы могуць сутыкнуцца з некаторымі нюансамі на мяжы з РФ



На беларускіх грамадзян, якія ўехалі на тэрыторыю РФ, як і на грамадзян трэціх краін, можа быць распаўсюджана новаўвядзенне Федэральнай пагранічнай службы Расеі, якое тычыцца знаходжання ў памежнай зоне ў сувязі са стварэннем яе на мяжы з Беларуссю. Такое меркаванне ў гутарцы з карэспандэнтам БелаПАН выказаў эксперт у галіне нацыянальнай бяспекі Аляксандр Цішчанка. Агаворак адносна грамадзян Беларусі ў гэтым выпадку няма, канстатаваў ён.

На пытанне пра ўзаемасувязь ўвядзення Расеяй пагранічнай зоны на мяжы з Беларуссю з дадзенай беларускімі ўладамі магчымасцю пяцісутачнага наведвання краіны грамадзянам 80 дзяржаў без віз, эксперт адзначыў, што рашэнне ФПС было прынятае практычна за два тыдні да ўказа прэзідэнта Беларусі.

Эксперт лічыць, што сваімі дзеяннямі Расея стварае буфер для нелегальнай міграцыі. Пры гэтым ён адзначыў, што раней Беларусь увяла рэжым прыгранічных тэрыторый для забеспячэння прафілактычнай дзейнасці на іх органаў унутраных спраў і пагранслужбы, але рэжым памежнай зоны значна больш сур`ёзны.

Вырашэнне ўзніклай праблемы, паводле слоў Аляксандра Цішчанкі, зараз знаходзіцца ў кампетэнцыі знешнепалітычных ведамстваў дзвюх краін.

Нагадаем, дырэктар Федэральнай службы бяспекі Расеі Аляксандр Бортнікаў падпісаў тры загады аб усталяванні межаў памежнай зоны на тэрыторыі Пскоўскай, Смаленскай і Бранскай абласцей, якія мяжуюць з Беларуссю. Дакументы датаваныя 29 снежня 2016 года, а на афіцыйным інтэрнэт-партале прававой інфармацыі РФ апублікаваныя 27 студзеня гэтага года.

У кожным з загадаў кіраўнік ФСБ вызначае новыя рубяжы памежнай зоны — фактычна ўздоўж усёй мяжы з Беларуссю. Пагранзона дэталёва прапісаная для кожнага раёна на тэрыторыі трох расійскіх абласцей і прывязаная да геаграфічных каардынат.

Пагранічным упраўленням ФСБ у Пскоўскай, Смаленскай і Бранскай абласцях загадана ўстанавіць месцы і час для ўезду транспартных сродкаў і праходу асоб у пагранічную зону. Таксама загадана ўстанавіць на ўездах у пагранзону папераджальныя знакі.