Эксперт бяспекі: падвышаная тэмпература можа прывесці да ўзгарання
Сумныя лічбы. За палову лістапада ў краіне адбылося 150 побытавых пажараў на якіх загінула 22 чалавекі і 12 цяжка траўмавана, – паведамляе Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Паводле ведамства, традыцыйна ў восеньска-зімовы сезон амаль 80% узгаранняў звязаныя з ацяпленнем жылля.
Былы супрацоўнік пінскага аддзела па надзвычайных сітуацыях адзначае, што грамадзяне перадусім павінны ўсведамляць пагрозы, якія сыходзяць ад любой ацяпляльнай сістэмы:
— Папраўдзе, усякая апаратура, абсталяванне, што накіравана на стварэнне цяпла, гэта падвышаная тэмпература, а падвышаная тэмпература можа прывесці да ўзгарання. Таму ўсякія электранагравальныя прылады, усякае пячное ацяпленне патрабуе да сябе адмысловай увагі, дбання ў абслугоўванні, клопату.
Печкі патрабуюць рамонту, электраабагравальніка патрабуе разумення, трэба разумець, як імі карыстацца. Калі ведаць элементарныя правілы, то можна, вядома, сябе зберагчы ад пажару.
Паводле дадзеных ратавальнікаў з надыходам восеньскіх месяцаў у краіне ўжо на 30% павялічылася колькасць побытавых пажараў у параўнанні з вясенне-летнім перыядам.
Беларускае Радыё Рацыя