Эксперт: Лукашэнка мусіць знайсці „ахвярнага казла”



Аляксандр Лукашэнка загадаў публічна пасадзіць дзясятак-другі чыноўнікаў, вінаватых у тым, што камуналка падаражэла больш, чым ён раней загадаў. Кіраўнік дзяржавы выказаў абурэнне з-за тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі старшыні Камітэту дзяржкантролю Леаніду Анфімаву. Чыноўнік пацвердзіў, што неабходныя разлікі былі праведзены, але з прымяненнем на практыцы атрымалася з дакладнасцю да наадварот.

Эканаміст Леанід Заіка кажа, што Лукашэнка насамрэч мог і не ведаць, якія лічбы пабачаць беларусы у выніку падвышэння камуналкі:

Людзі атрымалі жыроўкі і ў многіх аплата выйшла больш за мільён. Гэта стала сапраўдным шокам! Грамадская рэакцыя аказалася вельмі моцнай. Беларусы не праглынулі гэта яшчэ і таму, што скараціліся даходы, буйныя прадпрыемствы перайшлі на чатырохдзёнку. У Менску працоўны добрай кваліфікацыі атрымлівае 4 млн. 500 тыс руб. За кватэру ён заплаціў 1 млн 200. Як ён можа пражыць за гэтыя грошы?

Таксама пайшлі і наступныя сентэнцыі: Саша Варламаў – наш прадстаўнік у свеце мастацтва і моды – пенсіянер, і ягоная пенсія складае крыху больш за 1 млн. У інтэрв’ю ён заявіў, што за кватэру ён заплаціў больш чым 600 тыс., засталося 300 тыс на ежу і адзенне. Па 10 тыс у дзень! 

РР: Ці можа быць вернута сітуацыя назад, як гэта было раней з тым жа бензінам?

Леанід Заіка: Я думаю, што Лукашэнку неабходна гэта зрабіць. Бо ступень абурэння ў гарамадстве вырасла. Наш кіраўнік не плаціць за кватэру, наколькі я разумею. І сапраўды, ён мог і не ўяўляць, як усё гэта будзе ў канкрэтных лічбах. Можна паглядзець статыстыку: 6 мільёнаў сярэдні заробак. Але ў маладых спецыялістаў пасля заканчэння ВУЗа заробак складае 3 мільёны. І плаціць мільён за кватэру! Усіх гэта моцна ўразіла. Ніводнага станоўчага водгука. Сацыяльні канфлікт абвастраецца, і ён мусіць знайсці „ахвярнага казла”! 

Акрамя гэтага, квартплата аўтаматычна зніжае ровень спажывання.  І гэты эфект можа аказацца яшчэ больш моцным.

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка даручыў, каб да 1 сакавіка яму прадставілі разлікі тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі. Ён падкрэсліў, што службовыя асобы, якія не дадуць рады з названымі даручэннямі, панясуць за гэта адказнасць.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота news.mail.ru