Эксперт: Лукашэнка ратуе бюджэт, а пра людзей не думае
“Будзе справядліва, калі падвышэнне пенсійнага ўзросту закране ўсіх”, – заявіў Аляксандр Лукашэнка ў час сустрэчы з урадам на гэтую тэму. Паводле кіраўніка дзяржавы, “мужык у 60 гадоў — гэта конь, на якім яшчэ можна пахаць”, а жанчына ў 55 – таксама яшчэ не пенсіянерка.
Каментуючы гэтыя выказванні, былы міністр працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Сасноў адзначае, што Лукашэнка такім чынам спрабуе ратаваць бюджэт, але не думае пры гэтым пра людзей:
– Калі падвысіць пенсійны ўзрост, то часова знізіцца праблема з бюджэтам. Але пытанне не вырашаецца, таму што падвышэнне пенсійнага ўзросту – гэта толькі маленькая тэма ва ўсіх рэформах пенсійнай сістэмы. І калі ўлады зробяць толькі гэты крок, а іншых не будзе, то ні пра якую рэформу пенсійнай сістэмы не можа быць размовы. Гэта проста ратаванне бюджэту.
Ужо не першы месяц у Беларусі ідзе дыскусія пра тое, як менавіта рэфармаваць пенсійную сістэму. Адныя эксперты кажуць, што падняць планку выхаду на заслужаны адпачынак трэба спачатку для жанчын, іншыя – заклікаюць пачаць з сілавікоў і чыноўнікаў. Адзначым, што цяпер на выплату пенсій Беларусь расходуе каля дзесяці працэнтаў валавага ўнутранага прадукта. Паводле статыстыкі, кожны чацьвёрты пенсіянер працягвае працаваць, і працуючых на пенсіі жанчын пры гэтым удвая больш, чым мужчын.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота svaboda.org