Эксперт: Наймальнікі масава парушаюць працоўнае заканадаўства
Усё больш прадпрыемстваў у Беларусі пераходзяць на скарочаны працоўны тыдзень. Працоўных прымушаюць браць адпачынкі за свой кошт, ідуць масавыя скарачэнні, якія не абыходзяць бокам і найбуйнешыя беларускія прадпрыемствы. Намеснік старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Сяргей Антусевіч адзначае, што з працоўнымі ў большасці выпадкаў абыходзяцца, парушаючы працоўнае заканадаўства.
– Калі гэта прастой па віне наймальніка, то наймальнік у такім выпадку мусіць плаціць 2/3 акладу гэтага чалавека. Гэта вымушаны прастой і гэта прадугледжана працоўным заканадаўствам. Таксама адпачынкі за свой кошт без волі працоўнага – гэта грубае парушэнне. Але ў нас пра гэта ці мала хто ведае, ці проста не хоча ісці на канфлікт.
Эканамісты звязваюць крызіс на беларускіх прадпрыемствах з адсутнасцю замоў з Расеі, на якіх беларускі экспарт моцна завязаны. Нават паводле афіцыйнай статыстыкі, прадпрыествы краіны былі забяспечаны замовамі толькі на першыя тры месяцы 2015 года.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота rotfront.su