Эксперт: Навідавок чыноўніцкая кругавая парука



Міністр на баку міліцыі ў справе журналіста. У Беларусі працягваецца расследванне збіцця журналіста TUT.BY Паўла Дабравольскага. Яго збілі разам з двума іншымі актывістамі ў судзе над графітыстамі. Тым часам, у справе гучаць каментары ад беларускіх чыноўнікаў рознага рангу. Міністр юстыцыі Алег Сліжэўскі лічыць, што міліцыя збівала журналіста ў межах паўнамоцтваў. На міліцыю у сваіх выказваннях таксама спасылаецца міністар інфармаціі Лілія Ананіч, паводле якой, «адказ МУС пра інцыдэнт з журналістам TUT.BY кажа пра «ўжыванне законных мер уздзеяння».

І няварта было спадзявацца, што дзяржаўны чыноўнік стане на бок «не свайго» журналіста – заўважае медыя-эксперт Аляксандр Класкоўскі:

– Тут дзейнічае чыноўніцкая кругавая парука. Гэта ілюзія, толькі наіўныя журналісты могуць думаць, што сапраўды Міністэрства інфармацыі стаіць на іх абароне. Калі паслухаць прамовы, то заўжды ці адкрытым тэкстам, ці падтэкстам фігуруе падзел на “чэсных” і “нячэсных” на “сваіх” і “несваіх”.

Міністэрства інфармацыі Беларусі зараз рыхтуе афіцыйны адказ на зварот журналістаў з нагоды інцыдэнту ў судзе Фрунзенскага раёна Менска, у выніку якога пацярпеў журналіст Tut.by. Яго падпісалі каля 200 журналістаў.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя