Эксперт: У бліжэйшы час у Беларусі не адменяць смяротнае пакаранне



Правабаронца Гары Паганяйла тлумачыць, чаму смяротнае пакаранне ў краіне пры гэтай уладзе адменена не будзе.

У Беларусі вынесены чарговы смяротны прысуд. На гэтым тыдні Гомельскі абласны суд прыгаварыў да вышэйшай меры пакарання жыхара Рэчыцы, які ў жніўні мінулага года згвалціў і забіў 19-гадовую дзяўчыну.

Сёлета гэта першы смяротны прысуд. А ў мінулым годзе па рашэнню судоў былі расстраляны тры чалавекі, паведамляе zautra.by.

Гары Паганяйла: Можна амаль дакладна сцвярджаць, што ў бліжэйшы час у Беларусі смяротныя прысуды адменены не будуць. Таму што мы ў чарговы раз бачым – няма ніякіх падстаў казаць, што ўлады ў гэтым пытанні зменяць сваю пазіцыю. Справа ў тым, што, па сутнасці, гэтае пытанне ў краіне вырашае адзін чалавек. Так, быў рэферэндум, дзе людзі выказаліся за смяротнае пакаранне. Але калі тое было? А зараз не даводзіцца чакаць, што парламент альбо нейкія іншыя органы выступяць з прапановай аб адмене смяротных прысудаў. Гэтае пытанне больш выкарыстоўваюць у папулісцкіх мэтах. Тым больш, ніхто не стане займацца ім напярэдадані прэзідэнцкіх выбараў. Хоць, мяркую, як мінімум палова грамадства выказалася б супраць растрэлаў.

РР: Апошнім часам назіраецца некаторае пацяпленне на “заходнім фронце”. Магчыма, гэта паўплывае на пытанне адмены смяротнага пакарання”?

Гары Паганяйла: Не паўплывае, тут дарэмныя чаканні. Пацяпленне звязана ў першую чаргу з тым, што беларускім уладам неабходна эканамічнае супрацоўніцтва з Захадам, атрыманне новых крэдытаў. Але ўзамен ніякіх палітычных дывідэндаў Еўропа не атрымае. Улада наадварот кажа еўрачыноўнікам: вы павінны прымаць нас такімі, якія мы ёсць. А значыцца і смяротныя прысуды ніхто адмяняць не збіраецца. Іншая справа, калі б Беларусь уступала ў рэгіянальны палітычны саюз – Савет Еўропы. Тады б узнікла вострая неабходнасць вырашаць гэтую праблему, бо гэта – абавязковая ўмова для ўступлення ў, скажам так, цывілізаваны еўрапейскі клуб. Але Беларусь, на жаль, сёння да гэтага пакуль не гатова.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя