Эксперт: У каледжаў і тэхнікумаў узнікне праблема з абітурыентамі



У каледжаў узнікнуць праблемы з наборам навучэнцаў у сувязі са змяненнямі законаў “Па пытаннях эфектыўнага функцыянавання ваеннай арганізацыі дзяржавы”. Так лічыць галоўны рэдактар партала “Дзелавы Гомель” Аляксей Харкевіч. Згодна з новым законам, адтэрміноўка на навучанне для прызыўнікоў даецца толькі адзін раз. Эксперт Аляксей Харкевіч гаворыць, што цяпер у маладзёнаў адпадае патрэба ў атрыманні сярэдне-спецыяльнай адукацыі.

– Сістэма да гэтага працавала такім чынам: прыёмная кампанія ў ВНУ заканчваецца раней, і была магчымасць паступіць у каледж. Зараз калі хлопцу 17 гадоў і ён два гады яшчэ будзе вучыцца ў каледжы, гэта значыць, ён скарыстае сваё адзінае права на адтэрміноўку ад службы ў арміі. Паступіць у ВНУ ён зможа, але яго прызавуць на вайсковую службу. Лепш паступіць платна ў ВНУ, чым ісці ў каледж.

Законапраект “Аб змяненні законаў па пытаннях эфектыўнага функцыянавання ваеннай арганізацыі дзяржавы” прыняла Палата прадстаўнікоў у канцы чэрвеня. На галасаванні законапраект падтрымалі 85 дэпутатаў. Супраць выказаліся 9.

Беларускае Радыё Рацыя