Экспертны савет зацвердзіў пераклад Выбарчага кодэкса на беларускую мову



 Пераклад Выбарчага кодэкса на беларускую мову ўхвалены і рэкамендаваны да размяшчэння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Гэта адбылося 5 лістапада на пасяджэнні экспертнага савета па перакладзе заканадаўчых актаў на беларускую мову, паведамляе НЦПІ.

Пераклад Выбарчага кодэкса ажыццёўлены напярэдадні выбараў у Савет Рэспублікі (7 лістапада) і Палату прадстаўнікоў (17 лістапада).

Праца савета вядзецца на планавай аснове. Вызначаны пералік кодэксаў, якія падлягаюць першачарговаму перакладу. З гэтага пераліку перакладзены Кодэкс аб шлюбе і сям’і, завершана праца над перакладам Выбарчага кодэкса, пачаты пераклад Грамадзянскага кодэкса.

Цяпер у беларускім заканадаўстве 25 кодэксаў. „Пераклад гэтых дакументаў патрабуе не толькі выдатных ведаў лексічнай сістэмы прававога акта, але і глыбокага вывучэння і навуковага аналізу яго культурных аспектаў і сувязяў, гісторыі яго стварэння. Усяго перакладу на беларускую мову падлягаюць 24 кодэксы, у колькасным выражэнні — гэта каля 5.000 старонак і больш як 8.000 артыкулаў і прававых нормаў”, — гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, што экспертны савет быў створаны пры НЦПІ ў адпаведнасці з даручэннем, якое даў Аляксандр Лукашэнка 1 сакавіка 2019 года падчас „Вялікай размовы з прэзідэнтам”.

У склад савета ўвайшлі прадстаўнікі шэрагу дзяржаўных органаў улады, вядучых ВНУ краіны і іншых арганізацый, у тым ліку грамадскага аб’яднання „Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” (ТБМ).

Раней ганаровы старшыня ТБМ Алег Трусаў, які таксама ўваходзіць у склад гэтага кансультатыўнага органа, заяўляў БелаПАН, што пасля зацвярджэння экспертным саветам пераклады заканадаўчых актаў будуць публікавацца на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале (pravo.by). З гэтага моманту яны будуць лічыцца афіцыйнымі перакладамі, якія маюць аднолькавую юрыдычную сілу з расейскамоўнымі арыгіналамі.

belapan.by