„Эксперты ў абарону Курапатаў” сустрэліся з міністрам культуры
У Менску актывісты грамадскай ініцыятывы „Эксперты ў абарону Курапатаў” сустрэліся з міністрам культуры Беларусі Барысам Святловым і перадалі яму адкрыты ліст. У ім выказваецца меркаванне наконт аб’яўленага дзяржавай конкурсу па мемарыялізацыі Курапатаў, – месца, дзе пахаваны ахвяры сталінскіх рэпрэсій. Таксама заяўлены ўмовы, пасля выканання якіх грамадскасць, у прыватнасці, прадстаўнікі „Экспертаў у абарону Курапатаў”, можа ўдзельнічаць у гэтым конкурсе. Распавёў грамадскі актывіст Марат Гаравы:
– Першая ўмова – павінны быць вызвалены з-за кратаў усе абаронцы Курапатаў і тыя, каму прад’яўлены палітычныя абвінавачванні. Не можа быць ушанаванне ахвяраў палітычных рэпрэсій, калі ў краіне палітычны гвалт. Другая ўмова – гэта адкрыццё архіваў і абнародаванне ахвяраў камуністычнага таталітарнага рэжыму ў Беларусі. Трэцяя ўмова – вяртанне Курапатам годнай ахоўнай зоны ў межах 2003 года.
Конкурс па мемарыялізацыі Курапатаў павінен быць грамадскім ці грамадска-дзяржаўным, а не толькі дзяржаўным. „Ён павінен праводзіцца шчыра, адкрыта, пад поўным кантролем грамадскасці і на прынцыпах, закладзеных раней, у 2002 годзе, пасля першай абароны Курапатаў,” – сказаў Марат Гаравы. На гэтых умовах „Эксперты ў абарону Курапатаў” пагаджаюцца ўдзельнічаць у конкурсе і прадставіць свой праект мемарыялізацыі Курапатаў на аснове ўжо існуючага народнага мемарыялу. Праект зараз дапрацоўваецца і будзе апублікаваны 19 красавіка, у міжнародны дзень аховы помнікаў і памятных мясцінаў, сказаў Марат Гаравы.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя