Эксперты: водны шлях Е40 – смерць для Палесся



У Менску прайшла прэс-канферэнцыя „Стоп Е40! Экалагічныя і эканамічныя наступствы новага воднага шляху”. Эксперты з Беларусі ды Польшчы занепакоеныя тым, што рэалізацыя праекта Е40 немагчымая без значнага ўмяшальніцтва  ў экалагічныя сістэмы Беларусі.

Кажа Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар грамадскай арганізацыі „Ахова птушак Бацькаўшчыны”:

„Для мяне праект Е40 аналагічны праекту савецка-расійскаму – паварот паўночных рэк на поўдзень. Вялізныя дывідэнды распрацоўнікам і будаўнікам, а праблемы застаюцца мясцоваму насельніцтву і катастрафічныя наступствы для наваколля. Для Палесся яны могуць стаць незваротнымі. Апошнія месяцы актыўна гучыць тэма перавозкі нафтапрадуктаў. Калі па Прыпяці будуць хадзіць танкеры з нафтай, якая гэта пагроза для тэхнагенных катастроф у гэтым рэгіёне?! Каля 20 НДА Беларусі, Польшчы і Украіны ўжо падпісалі мемарандум супраць будаўніцтва воднага шляху Е40. З пачатку лета і мясцовыя жыхары даведаліся пра гэты праект і сталі актыўна прасіць дапамагчы”.

Шмат пытанняў у экспертаў выклікала і эканамічнае абгрунтаванне праекта – інвестыцыі ў больш як 10  міліярдаў еўра.

„Нават пасля мадэрнізацыі Е40 не стане цікавым для большасці грузаперавозчыкаў, бо водны транспарт значна саступае аўтамабільнаму і чыгуначнаму. Гэты праект будзе мець негатыўны ўплыў на эканоміку Беларусі„, – адзначае прэс-сакратар Бізнэс саюза прадпрымальнікаў (БСПН) Алесь Герасіменка.

Е40 – гэта водны шлях даўжынёй больш за две тысячы кіламетраў, які праходзіць па тэрыторыі Беларусі, Польшчы ды Украіны. Ён пазіцыянуецца як аднаўленне шляха „з варагаў у грэкі”, але незалежныя эксперты запэўніваюць, што гэта не так. Гэты праект ставіць пад пагрозу знішчэння шэраг відаў птушак, месцы пражывання рэдкіх відаў дзікіх жывёл і дзікарослых раслін. Апроч таго, частка яго пралягае праз тэрыторыю забруджаную радыяцыяй – Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік.

[Not a valid template]

Алена Вільтоўская, Беларускае Радыё Рацыя, Менск.

Фота аўтаркі