Інфармацыйнасць Еўрагульняў для людзей з інваліднасцю была надзвычайна нізкай



Маніторынг Офісу па правах людзей з інваліднасцю не выявіў ніводнага аб’екту, задзейнічанага падчас правядзення ў Менску II Еўрапейскіх гульняў, які хаця б наблізіўся да мінімальных стандартаў дасяжнасці ў інфармацыйным полі ў дачыненні да асоб з інваліднасцю.

На фота: эксперт Наталля Барысенка-Кляпач і кіраўнік Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі.

Пра гэта заявіў на прэс-канферэнцыі ў Менску дырэктар Офісу Сяргей Драздоўскі:

– Праславутыя інфармацыйныя сервісы, якія працавалі на ўсіх гульнях, інфапункты, якія былі, на жаль, для людзей з інваліднасцю былі абсалютна бескарысныя і бессэнсоўныя. Нашыя людзі, якія паспрабавалі пакарыстацца інфапунктамі, не атрымалі ўвогуле ніякай інфармацыі. Часцей за ўсё інфапункт іх накіроўваў да валанцёраў. І валанцёры выконвалі функцыю гэтых інфарматараў. Інфармацыйная служба ў прынцыпе не была гатовая да таго, як і якім чынам узаемадзейнічаць з інвалідамі.

Офіс правёў маніторынг даступнасці, у тым ліку інфармацыйнай, па некалькіх мінімальных крытэрыях 63 аб’ектаў. Сярод іх 16 — месцы правядзення спаборніцтваў; 12 — гасцініцы і хостэлы; цэнтральны чыгуначны вакзал і аўтавакзал; асобныя гандлёвыя аб’екты і аб’екты культуры: цэнтральныя ўнівермагі і крамы, кінатэатры, паркі адпачынку; транспарт.

Беларускае Радыё Рацыя