Экстранная сустрэча на БТ з удзелам Качанавай і Эйсмант. Каля будынку мітынг
22.15 Акцыя каля будынку Белтэлерадыёкампаніі падышла да за завяршэння.
22.00 Людзей каля будынку стала менш, але яны не разыходзяцца дагэтуль. Выйшаў тэхнічны супрацоўнік, які працуе асвятляльнікам. Ён расказаў, што сітуацыя высветліцца канчаткова ў панядзелак, калі на працу прыйдзе бальшыня супрацоўнікаў тэлебачання. Візіт Качанавай і Эйсмант ён назваў неканструктыўным.
21.30 Людзі пачынаюць разыходзіцца. Ці адбудзецца страйк на БТ у панядзелак – застаецца невядомым. Але ясна, што паразумення дзяржаўныя функцыянеры са значнай часткай калектыву Белтэлерадыёкампаніі не знайшлі.
21.25 Качанава і Эйсмант даўно з’ехалі, але людзі не разыходзяцца дагэтуль. Каля будынку сярод мітынгоўцаў знаходзіцца палітык Андрэй Дзмітрыеў.
20.55 Людзі скандуюць „Свабоду!” Выйшла яшчэ пару супрацоўнікаў БТ, якія больш не хочуць працаваць на БТ. Іх прывіталі воклічам „Малайцы!”.
20.50 Мітынгоўцы хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінулых у выніку дзеянняў сілавікоў. Людзі запалілі ліхтарыкі на мабільных тэлефонах. Гэтае сама робяць жыхары навакольных дамоў у вокнах.
20.35 Людзей каля будынку ўжо некалькі тысяч. Яны скандуюць „Уходи!”.
20.30 Сустрэча Качанавай з тэлевізійнікамі скончылася амаль гадзіну таму, але людзі не разыходзяцца. Паводле сведчанняў некаторых тэлевізійнікаў, якія выйшлі раней, ніякага паразумення на сустрэчы не адбылося.
20.20 Некаторыя кажуць, што службовая машына Качанавай стаіць з чорнага ходу. Напэўна яна хоча ад’ехаць патаемна. У будынак увайшло пяцёх амапаўцаў.
20.10 Людзі пляскаюць у далоні і спяваюць „Тры чарапахі”.
20.00 Людзі скандуюць „Свабоду!”, „Гэта наш горад!”. Многія людзі стаяць з плакатамі супраць хлусні на тэлебачанні.
З будынку Белтэлерадыёкампаніі выйшаў аператар Андрэй Ерашэеў. Ён выгукнуў „Жыве Беларусь!” і сказаў, што Качанава гне ранейшую лінію і даводзіць, што АМАП усё рабіў законна і правільна.
Цяпер каля будынку тэлебачання каля тысячы людзей. Яны скандуюць „Трыбунал!”. Дэманстранты вітаюць апладысментамі тых супрацоўнікаў БТ, якія выходзяць з будынку з белымі стужкамі і знакам „Вікторыя”.
***
Як паведамляе tut.by супрацоўнікаў Белтэлерадыёкампаніі тэрмінова выклікалі на сустрэчу з старшынёй Савету Рэспублікі Натальяй Качанавай і прэс-сакратаром Лукашэнкі Натальяй Эйсмант.
Тэлевізійнікі сталі пад’язджаць да будынку Белтэлерадыёкампаніі да 6 гадзін вечару 15 жніўня. Некаторыя былі з дзецьмі паколькі гулялі непадалёк. Пра што ідзе размова на сустрэчы – пакуль невядома. Раней у сацсетках праходзіла інфармацыя, што шэраг супрацоўнікаў БТ збіраецца абвесціць страйк.
Прысутныя каля Белтэлерадыёкампаніі людзі крычалі функцыянеркам „Позор!”. Чыноўніц сустракаў Іван Эйсмант, кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі і муж Наталлі Эйсмант.