Экстрэмалы адсвяткавалі 15-годдзе праекта “Начны горад”



Аматары экстрэмальных гульняў адзначылі недалёка ад Гародні 15-годдзе праекта “Начны горад”. Святкаванне адбывалася ў 2 частках: вялікая дзённая гульня, дзе трэба было прайсці розныя квэсты, пераправіцца праз возера, адгадаць дзясятак розных загадак, і вечаровая імпрэза.

Пра праект і яго дасягненні распавядае адзін з яго каардынатараў Максім Сыраваткін:

– Праект развіваецца. Спачатку гэта было на вельмі аматарскім узроўні, рабілі гэта дзеля сябе. А зараз, каб гуляць паспяхова, трэба быць фізічна моцным, мець тэхнічныя сродкі. Ровень прафесіяналізму вырас неверагодна, таму зараз гэта гульня нават для прафесіяналаў, людзям з вуліцы будзе не так проста зайсці сюды. Яны атрымаюць задавальненне, але спаборнічаць з лідарамі ім будзе цяжка.

На думку Зміцера CEZA, капітана менскай каманды Т-9, удзельнікі якой адмыслова прыехалі, каб паўдзельнічаць у гарадзенскім святкаванні, і само святкаванне, і гульня былі вельмі адметнымі:

– Гульня падалася нам даволі складанай. Магчыма, дзесьці па штабе было не зусім правільна казаць, што ён асабліва не дапаможа. Тут ён, канешне, гарантаваў вынік. У цэлым, радуе ў вашых гульнях тое, што вы стараецеся рабіць тут такія ўзроўні, як на гарналыжным комплексе ці як з байдаркамі. І вось гэта важна. Кожны імкнецца нечым здзівіць, і гэта крута.

На святкаванне гарадзенскага праекта завіталі госці з Масквы і Санкт-Пецярбурга, прыехалі таксама каманды з Магілёва і Менска. Першае месца ў святочнай гульні заняла гарадзенская каманда #DEFINE crew, другімі былі гарадзенскія “Кажаны”, а трэцяе пачэснае месца дасталася камандзе “Свае людзі” з Магілёва.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня