Экуменічная малітоўная працэсія ў Гародні



У Гародні 16 жніўня прайшла рэлігійная экуменічная малітоўная працэсія, у якой удзельнічалі святары і вернікі розных канфесіяў.

Праваслаўныя, каталікі, грэка-каталікі пратэстанты і габрэі. Арганізатарам сумеснай малітвы стала Міжнародная юдэйска-хрысціянская служба „Шомер-інтэрнэшынал”.

Акцыя пачалася ля Фарнага касцёла, дзе сабраліся каля сотні чалавек, прадстаўнікоў розных канфесіяў. Першае слова сказаў пробашч Фары, ксёндз Ян Кучынскі, які менавіта 9 жніўня быў сведкам жудасных здарэнняў, якія адбыліся менавіта на ганку касцёла. Людзі, стоячы там, шчыра памаліліся за ахвяры, за тое, каб такое больш не вярнулася ў Беларусь. Шматлікія трымалі плакаты з Бібліі, але таксама былі плакаты сацыяльнага і палітычнага характару, што ў Беларусі Бог жыве і што Беларусь не толькі для адной асобы.

Для Гародні гэта першы ўнікальны выпадак, калі прадстаўнікі розных канфесіяў сабраліся на месцы былой Фары Вітаўта, якую традыцыйна аспрэчваюць каталікі і праваслаўныя. Паколькі некаторы час гэты храм належаў праваслаўным. Тут яны, аб’яднаныя малітвай, згадалі вось гэтыя падзеі, якія адбыліся з Беларуссю. Маліліся за тое, каб такога больш не паўтарылася. Перада мной знаходзіцца хор праваслаўных святароў, які імаверна выканае гімн «Магутны Божа». Далей працэсія прадоўжыцца да брамы гарадзенскага гета і будзе сустрэча з юдэйскай супольнасцю, якая таксама далучылася да гэтай малітвы.

Беларускае Радыё Рацыя