Эліза Ажэшка запрашае на баль у Гародні
У Гародні каля доміка Элізы Ажэшкі 16 чэрвеня адбудзецца старажытны баль.
Гасцей чакаюць старажытныя танцы: паланез, вальсы, кадрылі, полькі. Для ўсіх, хто прыйдзе на баль, будуць працаваць музычны, літаратурны і гульнявы салоны, тэатралізаваныя прадстаўленні, чытацкія гурткі, пляцоўкі для маленькіх какетак, фотазоны. Спецыяльныя госці вечара “Гродзенская Капела” і струнны квартэт “Музычная палітра” падораць музычны настрой часоў пані Элізы. Калектыў экскурсаводаў “Артэль” з літоўскіх Друскенікаў прадэманструе падрыхтаваную творчую праграму.
Пра будучае мерапрыемства распавядае рэжысёр-сцэнарыст мерапрыемства Вольга Багдановіч:
– У гэтым годзе мы вырашылі, што будзе баль. Пры гэтым не проста баль. Калі мы пачалі працаваць, то знайшлі афішы, праграмкі 1907-1908 гг. І так здарылася, што 16 чэрвеня Элізе Ажэшцы кіраўніцтва горада ўручыла званне ганаровай грамадзянкі Гародні. І вось 16 чэрвеня праз 110 гадоў мы вырашылі гэта не проста балем адзначыць, а такой імпрэзай, якая будзе прысвечана таксама і гэтай падзеі.
Цікавым будзе тое, што Эліза Ажэшка на балі будзе прадстаўлена ў вобразе маладой жанчыны, а не ў тым вобразе, якім мы прызвычаіліся бачыць яе на фотаздымках. Падчас мерапрыемства, якое пачнецца 16 чэрвеня а 18-й гадзіне, будзе праводзіцца дабрачынная латарэя, усе грошы з якой будуць ахвяраваныя ў скарбонку і перададзеныя для правядзення навагодняй дабрачыннай ёлкі для дзяцей-сірот.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня