Эстонскую пенсію пачалі атрымоўваць і беларусы



Эстонскую пенсію па старасці пачалі атрымоўваць і беларусы. Эстонія выплочвае яе па ўсім свеце з мінулага года. Раней эстонскую пенсію атрымоўвалі толькі тыя, хто пастаянна жыў на тэрыторыі Эстоніі. Цяпер атрымаць яе могуць людзі з розных краін, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту і раней працавалі ў Эстоніі больш за 15 год.

Як кажа Марыя Ю. з Глыбокага, якая адпрацавала ў Эстоніі 25 гадоў, яна нават не чакала такога фінансавага прыбытку, бо эстонская пенсія ў два разы большая за беларускую:

– У іх газеце прыйшло, што можа быць родныя не атрымліваюць грошы, якія ўвесь час плацяць. Пляменніца даслала тую паперу праз Skype. Яны мне выплацілі з 19-га да канца месяца, і новы месяц выплацілі. 20% яны вылічваюць. Яны сказалі, што калі даведка паступіць, што ў Беларусі падаткам не абкладаецца пенсія, то тады ў наступным месяцы дадуць і працэнты.

Для таго, каб атрымаць эстонскую пенсію, якая складае ў сярэднім 400 еўра, неабавязкова ехаць у Эстонію. Патрэбныя дакументы (заява на атрыманне пенсіі і дакументы, якія пацвярджаюць стаж працы) можна даслаць у Дэпартамент сацыяльнага страхавання па пошце. Эстонія прапаноўвае права выбару выплаты пенсіі: штомесяцава, раз у квартал або раз у паўгады.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя