“Еўрабачанне-2017”: падрабязнасці падрыхтоўкі



У сераду, 28 верасня, журналісты і тураператары сустрэліся з кіраўніцтвам Кіеўскай, Львоўскай і Харкаўскай гарадскіх дзяржаўных адміністрацый у Пасольстве Украіны ў Менску. Мерапрыемства было прымеркавана да XXIII Міжнароднай турыстычнай выставы «Турбізнес-2016». У межах сустрэчы падымаліся пытанні новых турыстычных маршрутаў Украіны, а таксама арганізацыі песеннага конкурсу «Еўрабачанне-2017» у Кіеве.

Распавядаць пра развіццё турбізнесу ва Украіне прыехалі прадстаўнікі аддзелаў турызму гарадскіх адміністрацый Кіева, Львова і Харкава – Антон Тараненка, Галіна Грынык і Юлія Згурская.

Начальнік упраўлення турызму Кіеўскага гарвыканкама Антон Тараненка распавёў tut.by пра працэс падрыхтоўкі да «Еўрабачання» і ці бяспечна праводзіць яго ў сталіцы Украіны:

У красавіку 2017 года ў Кіеве пройдзе першы дывізіён чэмпіянату свету па хакеі, а ў траўні адбудзецца «Еўрабачанне». Ужо ў другі раз сталіца Украіны прыме гэты песенны конкурс, але Кіеў-2005 і Кіеў-2016 – гэта дзве вялікія розніцы. Казаць пра тое, хто возьме ўдзел у «Еўрабачанні» ад Украіны, я не магу, бо яшчэ не пачаліся адборачныя туры. Пра гэта мы даведаемся пасля Новага года.

Тараненка пацвердзіў, што песенны конкурс пройдзе ў Кіеве на левым беразе Дняпра ў Міжнародным выставачным цэнтры, і заявіў, што падстаў для хвалявання няма.

– Мы заяўляем ўсяму свету, што ў Кіеве бяспечна. На самой справе пасля падзей 2013-2014 гадоў горад Кіеў і ўся Украіна былі ўнесены ў чырвоную зону. Гэта значыць наша краіна стала нерэкамендаванай для наведвання. Але цяпер мы ўжо ў жоўтай зоне, а шмат у чым – нават у зялёным колеры.

Таксама ён сказаў, што быў бы толькі рады, калі б такія вядомыя ўкраінскія гурты, як «Бумбокс» або «Акіян Эльзы», прадставілі Украіну на «Еўрабачанні» ў 2017 годзе.

– Калі «Акіян Эльзы» захоча прадставіць Украіну, выйграе адборачны тур, то няма ніякіх пытанняў. Калі казаць пра мае перавагі, то мне сапраўды хацелася б, каб за нашу краіну выступілі Onuka, «Бумбокс» або той ж «Акіян Эльзы». Я быў бы толькі рады! А выступленні ўкраінскіх гуртоў як хэдлайнераў абавязкова будуць. Прыязджайце, будзе крута!

Выказаўся Тараненка і наконт будучыні прадстаўніка на «Еўрабачанні» ад Расеі:

– У Расеі вельмі шмат крутых і таленавітых спевакоў і гуртоў, якія прыязджаюць і працуюць ва Украіне. «Басту» хай адпраўляюць, напрыклад. Гэты гурт да нас ездзіць часта і можа выйграць. Але калі Расея заўтра скажа, што, напрыклад, мы хочам Кабзона павезці на «Еўрабачанне», то мы, хутчэй за ўсё, адмовім (са жніўня 2015 года Іосіфу Кабзону забаронены ўезд на тэрыторыю Украіны).

evrovidenie2016_2

Нагадаем, што Украіна стала пераможцай конкурсу «Еўрабачанне-2016», які прайшоў у Стакгольме, з песняй Джамалы «1944».

Даты паўфіналаў – 9 і 11 траўня, фінал конкурсу адбудзецца 13 траўня 2017 года. Украіна прыме конкурс другі раз: першы раз гэта было ў 2005 годзе. Украіне спатрэбілася 12 гадоў, каб паўтарыць поспех 2004 года.

Паводле tut.by

Фота Reuters