Еўрапейскія прафсаюзы звярнуліся да Лукашэнкі



Глабальны саюз IndustriALL і Міжнародная канфедэрацыя прафсаюзаў (МКП) звярнуліся да кіраўніка Беларусі з патрабаваннем адмяніць пакаранне лідарам незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку, якіх суд Савецкага раёна Менска прызнаў вінаватымі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў і прызначыў ім пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры 47 тысяч 560 рублёў, абмежавання волі тэрмінам на 4 гады без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу і забароны займаць кіраўнічыя пасады на працягу 5 гадоў.

Каментуе прававы інспектар прафсаюза РЭП Леанід Судаленка:

– Вельмі прыемна, што міжнародныя прафсаюзныя арганізацыі паказалі сваю салідарнасць і накіравалі ліст да прэзідэнта, каб вызваліць ад адказнасці Фядыніча і Комліка. Усё гэта паказвае не нейкую штучную, а сапраўдную прафсаюзную салідарнасць. Гэта ўвесь еўрапейскі прафсаюзны рух звяртаецца да прэзідэнта. Тут ужо, як кажуць, мяч на баку беларускіх уладаў.

IndustriALL і Міжнародная канфедэрацыя прафсаюзаў у сумесным лісце рашуча асудзілі рашэнне суда па справе Фядыніча і Комліка і разглядаюць яго як палітычна матываваны.

„Цяжка будзе праігнараваць гэты зварот, бо ва умовах фінансавага крызісу ўладам трэба кантактаваць з Еўропай”, – лічыць Леанід Судаленка.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя