Еўрасаюз прапануе стыпендыі для рэпрэсаваных беларускіх студэнтаў



У рамках праграмы „EU4Belarus: салідарнасць з народам Беларусі” ЕС абвясціў конкурс заявак на атрыманне стыпендый. Прэтэндаваць могуць беларускія студэнты, якія ўжо вучацца ва ўніверсітэтах Літвы, Латвіі, Чэхіі і Польшчы ці паступяць у ВНУ гэтых краін у наступных навучальных гадах.

Прадугледжана 150 стыпендый. Адна такая стыпендыя складае 450 еўра ў месяц, выплачваецца з верасня па чэрвень і разлічаная на адзін поўны цыкл навучання па праграме бакалаўрыята або магістратуры. Максімальны тэрмін падтрымкі складае чатыры гады. Дадаткова прадугледжана аднаразовая кампенсацыя дарожных выдаткаў. Для ўдзелу ў конкурсе неабходна не пазней за 6 верасня запоўніць анкету і прыкласці пацвярджальныя дакументы, у тым ліку сведчанні факта рэпрэсій, а ў выпадку адсутнасці такіх — апісанне сітуацыі і рэкамендацыі, кантакты тых, хто можа пацвердзіць факт.