Еўразвяз дапамагае Гарадзеншчыне абнавіць медабсталяванне
Медыцынская галіна Гарадзеншчыны з’яўляецца адным з асноўных партнёраў Еўразвяза ў ажыццяўленні міжнародных праектаў тэхнічнай дапамогі. Набыццё якаснага абсталявання і навучанне медыцынскага персанала за мяжой з мэтай падвышэння кваліфікацыі з’яўляюцца галоўнымі накірункамі супрацы паміж медыкамі Прынёмання і іх заходнімі калегамі. Найбольш актыўна супраца ажыццяўляецца з суседняй Польшчай: у межах супольна зрэалізаваных праектаў значыцца новае абсталяванне ў дзіцячым і абласным клінічных шпіталях.
На думку каардынатара міжнародных праектаў тэхнічнай дапамогі Івана Шчадранка, у справе супрацоўніцтва назіраецца станоўчая тэндэнцыя – і гэта не можа не радаваць:
– Зацікаўленасць беларускіх улад у еўрапейскай супрацы, ва ўдзеле ў міжнародных праектах тэхнічнай дапамогі ў апошні час узрасла. Бо ёсць зацікаўленасць у новых падыходах, ёсць патрэба ў развіцці новых стасункаў. Еўрапейскія праграмы даюць вельмі добрыя рэсурсы, каб рэалізоўваць мерапрыемствы, якія нельга прафінансаваць з дзяржаўнай касы.
Апошні зрэалізаваны еўрапраект у медыцынскай галіне Прынёмання – набыццё Гарадзенскім абласным клінічным інфекцыйным шпіталем абсталявання на суму 277 000 еўра. Праект ажыццяўляўся супольна з незалежнай публічнай арганізацыяй аховы здароўя з Гайнаўкі.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота people.onliner.by