Еўразвяз прафінансаваў мерапрыемствы па ачыстцы Спораўскіх балот
Праект Clima East у Беларусі абвясціў аб пра значныя дасягненні ў справе абароны біяразнастайнасці Спораўскіх балот — унікальнага прыроднага аб’екта Беларусі, паведамляе euneighbours.eu.
Дзякуючы абсталяванню, якое было закуплена ў рамках праекту, летась тарфянікі былі ачышчаныя ад залішняй расліннасці. Адзначым, што калі не выкошваць трыснёг і хмызнякі, то праз 5-7 гадоў балотны масіў пакрыецца зараснікамі вышынёй у чалавечы рост, і перастане выконваць уласцівыя яму функцыі.
Маніторынг жывёльнага свету ў 2016 годзе адзначыў станоўчы ўплыў, які дадзены комплекс мерапрыемстваў аказаў на прыроду — у прыватнасці, павялічылася колькасць відаў птушак. А нарыхтаваная ў выніку ачысткі балот біямаса была прададзеная прадпрыемствам, зацікаўленым у экалагічных энергетычных рэсурсах.
Біялагічны заказнік «Спораўскі» з’яўляецца адной з пілотных тэрыторый праекта ЕС/ПРААН «Clima East: захаванне і ўстойлівае кіраванне тарфянікамі ў Беларусі для скарачэння выкідаў вугляроду і адаптацыі балотных экасістэм да змены клімату».
Мэтамі праекта ў цэлым з’яўляюцца садзейнічанне скарачэнню выкідаў парніковых газаў і фармаванні сучасных падыходаў у галіне кліматычнай палітыкі ў краінах-партнёрах, а таксама наладжванне дыялогу паміж Еўрапейскім саюзам і ўдзельнікамі праекта, умацаванне рэгіянальнага супрацоўніцтва.