Еўразвяз цалкам адмяніў роўмінг



З 15 чэрвеня ўнутры Еўразвяза цалкам адменена плата за роўмінг. Цяпер для грамадзян ЕЗ сувязь у іншых краінах будзе каштаваць столькі ж, колькі і ў «хатняга аператара». Пра гэта паведамляе Еўракамісія на сваім сайце.

Дадатковыя зборы перастануць дзейнічаць для ўсіх тыпаў сувязі — інтэрнэт-трафіку, званкоў і SMS-паведамленняў. Карыстацца сувяззю аператара з іншай краіны можна будзе ў межах палітыкі сумленнага выкарыстання.

Для самых актыўных падарожнікаў, якія праводзяць за мяжой больш за чатыры месяцы, аператары будуць запытваць дадатковую інфармацыю аб перасоўваннях і могуць прызначаць дадатковыя даплаты.

Кіраўнік Еўракамісіі Жан-Клод Юнкер назваў гэтае рашэнне «адным з самых вялікіх і адчувальных поспехаў ЕЗ». На адмову ад збораў спатрэбілася дзесяць гадоў працы розных ведамстваў. Пасля прыняцця рашэння ў мабільных аператараў было два гады на тое, каб падрыхтавацца да канца роўмінгавых збораў.

Дарэчы, Еўразійская эканамічная камісія таксама пачала працу над адменай роўмінгу для званкоў паміж Беларуссю, Расеяй, Казахстанам, Арменіяй і Кыргызстанам. У 2015 годзе бакі склалі план паступовага зніжэння максімальных цэн на званкі за мяжой. Для 2016 максімум усталяваны на 0,68 еўра, у 2017-м – 0,3 еўра за хвіліну.

Паводле tut.by