Еўразвяз уводзіць біяметрычныя візы



З 29 студзеня дыпламатычныя місіі краін Еўразвяза будуць выдаваць у Беларусі толькі біяметрычныя візы. Гэта значыць, што ў консульствах і амбасадах Польшчы і Літвы трэба будзе адздымаць адбіткі пальцаў, таму неабходна асабістая прысутнасць таго, хто хоча атрымаць „шэнген”. Пра новаўвядзенне піша «Вячэрні Гродна».

У Генконсульства Польшчы ў Гародні ўжо прывезлі апараты для сканавання адбіткаў.

Як распавёў Генеральны консул Генеральнага консульства Рэспублікі Польшча ў Гародні Анджэй Хадкевіч, сёння ў консульстве апрацоўваецца кожны дзень прыкладна 500 анкет. Частка з іх – турыстычныя візы, дакументы здае прадстаўнік акрэдытаваных турагенцтваў. І калі цяпер чалавек купіў пуцёўку за мяжу, а ўсё астатняе, уключна з візай, зробяць за яго ў турфірме, то пачынаючы з 29 студзеня трэба будзе абраць час, каб прыехаць у Гародню і самому прыйсці ў консульства. Адбіткі будуць сапраўдныя 59 месяцаў. Дзеці да 12 гадоў іх не здаюць.

“Біяметрычныя візы – гэта элемент палітыкі ЕЗ, а не наш капрыз,” – кажа Анджэй Хадкевіч. Праблему выгоды, а таксама дарагіх пасярэднікаў могуць вырашыць польскія візавыя цэнтры, якія вясной плануюць адкрыць у Гародні і Лідзе. “Цэнтр будзе  пасярэднікам, які ўсё арганізуе: зарэгіструе ў чарзе, прыме анкеты, пашпарты, тут можна будзе зрабіць адбіткі пальцаў,  фатаграфію, аплаціць збор, атрымаць кансультацыю,” – кажа Анджэй Хадкевіч.

Візавыя цэнтры адкрые і будзе абслугоўваць любая фірма, якая выйграе тэндар. За паслугі цэнтра, зрэшты, давядзецца заплаціць ад 12 да 17 еўра.

Фота  holiday.by