„Еўропа ў сакваяжы” прыехала ў Гомель



У Гомелі ў межах праекта „Еўропа ў сакваяжы” сустрэліся эксперты з Грузіі, Украіны, Беларусі і Нямеччыны. Прадстаўнікі аналітычных структураў падзяліліся сваімі меркаваннямі адносна будучыні Усходняй Еўропы, улічваючы падзеі ва Украіне.

На думку дырэктара па даследаваннях „Ліберальнага клубу” Яўгена Прэйгермана, перад Беларусcю як усходнееўрапейскай краінай паўстаюць новыя выклікі:

– Шмат таго да чаго мы прызвычаіліся за ўжо дваццаць гадоў пасля таго, як разваліўся Савецкі Саюз, як усталявалася новая сітуацыя міжнародных адносін у нашым рэгіёне, вось шмат з гэтага больш не будзе працаваць. Мы не ведаем, як што будзе працаваць, якая будзе сістэма міжнародных адносін тут у нас будзе, і таму калі мы не будзем падрыхтаваныя, як грамадзянская супольнасць, як краіна, то хутчэй за ўсё мы не зможам адпаведна адказаць на тыя выклікі, якія гэтыя змены перад намі ставяць.

„Еўропа ў сакваяжы” – гэта міжнародны адукацыйны праект, які скіраваны на падвышэнне ўзроўню ведаў пра жыццё ў Еўрапейскім звязе.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель