ЕЗ дапаможа шасці беларускім гарадам скараціць выкіды вуглякіслага газу
Адмыслоўцы з Еўразвязу аказваюць дапамогу гарадам, якія падпісалі еўрапейскую ініцыятыву «Пагадненне мэраў». Пра гэта 18 верасня на прэс-канферэнцыі ў Менску паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення рэгулявання ўздзеяння на атмасфернае паветра, змены клімату і экспертызы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Піліпчук.
Баранавічы, Мсціслаў, Пружаны, Слаўгарад, Лёзна і Талачын перамаглі ў конкурсе праекта «Беларусь: падтрымка зялёнага будаўніцтва ў малых і сярэдніх гарадах Беларусі».
– Новыя падпісанты, якія далучыліся да «Пагаднення мэраў», мусяць браць абавязацельствы да 2030 года не толькі па энергетычным сектары, але і па скарачэнні выкідаў парніковых газаў не меньш чым на 30%. Гэта вельмі амбіцыйная мэта.
Паводле Андрэя Піліпчука, на сёння ініцыятыву «Пагадненне мэраў» падпісала больш за 40 беларускіх гарадоў. Лідарам у выкананні палажэнняў ініцыятывы з’яўляецца Полацк, які першы падрыхтаваў справаздачу аб выкананні плана пяцігадовай рэалізацыі мерапрыемстваў, аб скарачэнні выкідаў парніковых газаў, адаптацыі да зменаў клімату.
Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя, Менск