ЕЗ і СААЗ перадалі сродкі індывідуальнай абароны для медработнікаў
У Менскую вобласць дастаўленыя сродкі індывідуальнай абароны, закупленыя Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя на сродкі Еўрапейскага звяза.
13 ліпеня кіраўнік прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі Дзірк Шубель і прадстаўнік СААЗ у краіне Батыр Бердыклычаў узялі ўдзел у цырымоніі перадачы прадметаў медыцынскага прызначэння на базе Менскага абласнога процітуберкулёзнага дыспансера. Стацыянар гэтай установы аховы здароўя быў перапрафіляваны для лячэння пацыентаў з COVID-19.
Як адзначыў Шубель, пастаўленыя медыцынскія сродкі з’яўляюцца часткай агульнай пастаўкі 3,6 млн адзінак сродкаў індывідуальнай абароны, якія прыбылі ў Беларусь у канцы чэрвеня і размеркаваныя па ўсіх рэгіёнах.
„Сёння мы ўсе разам робім яшчэ адзін крок у барацьбе з эпідэміяй COVID-19. Вірус яшчэ не пераможаны. Важна дэманстраваць і аб’ядноўваць сумесныя намаганні ў гэтым кірунку. Еўрапейскі праект у партнёрстве з Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя і вырашае гэтыя задачы. Пастаўка сродкаў індывідуальнай абароны для медыцынскіх работнікаў адбылася ва ўсе краіны Усходняга партнёрства — Арменію, Азербайджан, Грузію, Малдову, Украіну і Беларусь. Наша падтрымка не абмежаваная толькі пастаўкамі. Мы таксама аказваем нашым краінам-суседзям экспертную і кансультацыйную дапамогу. Нашы ўрокі, памылкі, сумесныя рашэнні даюць нам магчымасць знайсці метады барацьбы з вірусам”, — заявіў Шубель.
Як паведаміў прадстаўнік СААЗ у Беларусі Батыр Бердыклычаў, усяго ўстановам аховы здароўя вобласці перададзена 455,5 тыс. адзінак сродкаў індывідуальнай абароны, уключаючы 300 тыс. медыцынскіх масак, 133 тыс. рэспіратараў, 6 тыс. ахоўных ачкоў, 6 тыс. ахоўных шчыткоў для твару і 10,5 тыс. медыцынскіх халатаў. Усе прадметы медыцынскага прызначэння правераныя на адпаведнасць міжнародным стандартам якасці і бяспекі і прызначаныя для медыцынскіх работнікаў, „якія знаходзяцца на перадавой барацьбы з COVID-19”. „Мы рады даць гэтую дапамогу сумесна з калегамі з ЕС. Мы назіраем апошнім часам стабілізацыю і зніжэнне колькасці новых выпадкаў каранавіруса ў Беларусі, тым не менш нельга расслабляцца, сітуацыя з COVID-19 не пройдзеная, у многіх краінах мы бачым, што эпідэмія можа вярнуцца і ісці на ўздым. Абарона медыцынскіх работнікаў — гэта прыярытэт для таго, каб яны маглі выконваць сваю працу ў больш бяспечных умовах”, — сказаў прадстаўнік СААЗ.