ЕЗ разгледзіць сёння першы праект пашпартоў вакцынацыі ад каронавірусу



У Еўразвязе разгледзяць сёння першы праект пашпартоў вакцынацыі ад каронавірусу. Гэты дакумент дазволіць прышчэпленым людзям зноў падарожнічаць па тэрыторыі Еўразвязу.

Так званы «электронны зялёны пропуск», які еўрапейскія чыноўнікі плануюць стварыць у бліжэйшы час, будзе ўтрымліваць інфармацыю аб тым, ці прайшоў  чалавек вакцынацыю, вынікі яго тэстаў на каронавірус і звесткі пра тое, ці ачуняў ён ад COVID-19.

Паводле слоў старшыні Еўракамісіі Урсулы фон дэр Ляйен, новы дакумент патрэбны, каб даць магчымасць грамадзянам краін ЕЗ зноў перасякаць межы паміж яго дзяржавамі і па працы, і ў якасці турыстаў. Калі ўсё пойдзе па плане, гэты пашпарт вакцынацыі з’явіцца ўжо на працягу трох месяцаў. Як паведамляў тэлеканал Euronews, дзейнічаць дакумент будзе як мінімум да канца пандэміі.

Беларускае Радыё Рацыя